Мастакі пачалі кампанію ў абарону спадчыны Альфрэда Ромэра
Мастакі Беларусі пачалі кампанію ў абарону спадчыны Альфрэда Ромэра — беларускага, літоўскага і польскага мастака, медальера, мастацтвазнаўцы і грамадскага дзеяча. Сёлета — 175 гадоў з яго дня нараджэння.
А. Ромэр быў удзельнікам нацыянальна-вызваленчага паўстання супраць расійскага царызму 1863—1864 г. Пасля турэмнага тэрміну жыў у маёнтку Каралінава, што недалёка ад цяперашняй вёскі Камаі Пастаўскага раёну.
Старшыня грамадскай рады дзеля ўшанавання памяці юбіляра мастак Алесь Цыркуноў кажа, што ў Беларусі А. Ромэр правёў найбольш плённы перыяд сваёй творчасці.
Жывапіснае палатно Ромэра “Хрыстос і сірата” захоўваецца цяпер у Камайскім касцёле Пастаўскага раёну, яшчэ адно — “Пінская мадонна” — у касцёле францысканцаў на Берасцейшчыне.
Паводле А. Цыркунова, яшчэ не страчаная магчымасць захаваць былы маёнтак мастака — Каралінава. 14 лістапада грамадская рада накіравала зварот пра гэта ў Міністэрства культуры: “Стаіць пытанне: не даць загінуць маёнтку. Ён цяпер знаходзіцца амаль у аварыйным стане. Мясцовыя ўлады думаюць, каб камусьці спіхнуць гэта, ды не ведаць клопату. Таму наша задача — яго аднавіць. Можа, удасца гэта зрабіць сумесна праз Саюз мастакоў Беларусі, згуртаванне “Бацькаўшчына”. Напэўна, возьмем яго на свой клопат, каб надаць яму другое дыханне”.
А. Цыркуноў таксама паведаміў, што парафія Камайскага касцёлу Пастаўскага раёну абвясціла 2007 г. Годам Ромэра. 11 лістапада ў гэтай святыні адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар Альфрэда Ромэра. На пліце каляровага мармуру — бронзавы барэльеф мастака і тэкст пра яго на беларускай і польскай мовах.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|