Праваабаронцы патрабуюць адмяніць абавязковае размеркаванне

Альбо прыбраць з Канстытуцыі права беларусаў на бясплатную адукацыю.

Сёлета супраць студэнтаў, якія не даехалі па размеркаванні, завялі 65 крымінальных спраў. Сумы не малыя – ад трох да пяці тысяч даляраў. Юрысты з Беларускага хельсінскага камітэту звярнуліся ў Канстытуцыйны суд.

“Мы хочам ведаць. наколькі норма пра абавязковае размеркаванне адпавядае беларускай Канстытуцыі”, — патлумачылі ў БХК.

Аргументы праваабаронцаў выглядаюць лагічнымі: “У Канстытуцыі запісана, што ў Беларусі можна атрымліваць вышэйшую адукацыю бясплатна. Але калі ты мусіш выплаціць дзяржаве грошы, альбо адпрацаваць па размеркаванні, гэта ўжо не бясплатная адукацыя! Атрымліваецца, трэба або мяняць Канстытуцыю і прыбіраць гэтае права, альбо прыбіраць норму пра абавязковае размеркаванне”.

Апроч таго, юрысты называюць беларускае размеркаванне формай прымусовай працы. А Беларусь жа падпісала Канвенцыю міжнароднай арганізацыі працы “Пра скасаванне прымусовай працы”. Вынікае, што мы яе парушаем?

Зварот падалі ў Канстытуцыйны суд 12 лістапада, у панядзелак. Цягам месяцу праваабаронцы чакаюць адказу.

Дзе яшчэ ёсць размеркаванне?

Па суседстве краін з абавязковым размеркаваннем няма. У Польшчы, Літве, Латвіі такой практыкі не назіраецца. У Расіі, Украіне размяркоўваюць выпускнікоў спецыялізаваных універсітэтаў, якія падпарадкоўваюцца МУС, ФСБ, МНС… То бо тых ВНУ, дзе рыхтуюць спецыялістаў на замову, і яны адразу ведаюць, на што і куды ідуць вучыцца.

Паводле “Комсомольской правды в Белоруссии” (www.kp.by)

‹‹ на галоўную | у архіў