Карлсан загаварыў па-беларуску
Да стагоддзя знакамітай шведскай пісьменніцы Астрыд Ліндгрэн група энтузіястаў выдала па-беларуску адзін з самых яе вядомых твораў “Малы і Карлсан-з-даху”.
Пра гісторыю выдання казкі пра Карлсана на беларускай мове распавяла адна з ініцыятарак праекту Настасся Мацяш. “Гэта даўняя гісторыя. У мяне падрастае сын, і ўвесь час паўстае пытанне, што б яму людскага пачытаць па-беларуску”, – распавяла спн. Мацяш. На яе думку, гэта праблема ўсіх маладых беларускамоўных бацькоў. Ідэю распачаць выпуск сусветнай дзіцячай класікі па-беларуску падтрымалі Алесь Яўдаха і Аляксандра Макавік. Карлсана абралі першым з розных прычынаў.
“Найперш – гэта ўдалы момант, каб годна адзначыць стогадовы юбілей цудоўнай шведскай пісьменніцы Астрыд Ліндгрэн”, — тлумачыць Н. Мацяш. Такім чынам мы хацелі пазнаёміць сваіх дзетак з культавым героем, на чыіх прыгодах узгадаваліся не толькі мы самі, але і нашы бацькі, кажа яна.
Але найперш, на думку аўтараў ідэі, выхад сусветнавядомага твору па-беларуску стане сігналам для беларускага культурнага асяродку. “Мы можам такім чынам актывізаваць творчы працэс у Беларусі”, – упэўненая Н. Мацяш.
Яна ўпэўненая, што новая кніга стане выдатным падарункам для дзяцей: “Мы найперш паставілі пытанне, каб гэта была якасная кніга з добрымі ілюстрацыямі, у цвёрдай вокладцы”.
Парупіліся выдаўцы і пра захаванне аўтарскіх правоў. “Малы і Карлсан-з-даху” аздоблены малюнкамі мастачкі Марыны Рудзько, а пераклаў казку Юрась Жалезка. Рэдактарам перакладу выступіў Лявон Баршчэўскі. Афіцыйная прэзентацыя кнігі адбудзецца праз некалькі тыдняў.
Паводле “Нашай Нівы” (www.nn.by)
|