“Чорны спіс” невыязных з Беларусі
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі стварае банк дадзеных аб грамадзянах, якім часова забароненае пакідаць рэспубліку, паведамілі ў дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі.
“МУС стварае банк дадзеных, дзе змешчаная інфармацыя пра асоб, якім часова забаронены выезд за межы Беларусі”, – сказалі ў дэпартаменце.
“У гэтую катэгорыю ўваходзяць асобы, якія не адбылі тэрмін пакарання, знаходзяцца пад следствам, валодаюць дзяржаўнымі сакрэтамі, не выканалі свае абавязкі перад дзяржавай, маюць нявыкананыя фінансавыя абавязкі”, – удакладнілі ў дэпартаменце.
Там паведамілі, што створаная міжведамасная працоўная група па фармаванні адзіных падыходаў да фармавання банка дадзеных. У дэпартаменце растлумачылі, што гэтыя мерапрыемствы праводзяцца ў сувязі з адменай дазвольнага штампа ў пашпартах.
Як раней паведамлялася, МУС Беларусі падрыхтаваў праект указу прэзідэнта аб адмене з 1 студзеня 2008 г. дазвольнага штампа ў пашпартах грамадзян рэспублікі.
“Дадзены дакумент знаходзіцца на разглядзе ў органах дзяржаўнага ўпраўлення, 12 лістапада МУС плануе накіраваць праект указу на разгляд у Савет міністраў Беларусі”, – сказаў намеснік начальніка дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Анатоль Ланін.
У 2005 г. Канстытуцыйны суд Беларусі прыняў рашэнне аб адмене дазвольнага штампа ў пашпартах, прызнаўшы, што гэты запіс не адпавядае канстытуцыйным нормам.
Паводле ІА “Интерфакс” і “Хартыі’97” (www.charter97.org)
|