10 лістапада Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч урачыста ўступіць на пасаду
У суботу 10 лістапада адбудзецца цырымонія ўрачыстага ўваходу ў мінскую архікатэдру новапрызначанага архібіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча.
Урачыстасць распачнецца а 11-й у архікафедральным саборы імя Найсвяцейшай Панны Марыі, што на плошчы Свабоды. На цырымонію запрошаныя госці з Беларусі, Італіі, Літвы, Польшчы, Расіі, пра гэта паведаміў а. Аляксандр Амяльчэня, адказны за СМІ пры сакратарыяце Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, а таксама прадстаўнікі мясцовай улады, вернікі розных канфесій.
“Чакаецца вялікая колькасць жадаючых прысутнічаць на цырымоніі, але катэдра, на вялікі жаль, не здольная ўмясціць усіх. Таму на вуліцы будзе ўсталяваны адмысловы экран”, — распавёў а. Амяльчэня.
Падчас ўрачыстасці мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Т. Кандрусевіч адслужыць літургію ды прачытае пропаведзь. Будзе зачытаны Указ Папы Рымскага Бенедыкта ХVI аб прызначэнні архібіскупа Т. Кандрусевіча на пасаду мітрапаліта.
8 лістапада а 11-й у памяшканні курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 1а) адбудзецца прэс-канферэнцыя з удзелам архібіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча. На ёй сярод іншых будуць закранутыя таксама пытанні цырымоніі 10 лістапада.
Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся ў 1946 г. у Адэльску на Гарадзеншчыне. Скончыў Ленінградскі політэхнічны інстытут. 31 траўня 1981 г., па сканчэнні Ковенскай духоўнай семінарыі, рукапакладзены ў святары. Абараніў доктарскую дысертацыю “Самасвядомасць Царквы” паводле дакументаў ІI Ватыканскага сабору.
З 1988 г. у Беларусі. 10 траўня 1989 г. прызначаны Апостальскім Пасадам біскупам для Мінскай дыяцэзіі. У красавіку 1991 г. прызначаны Апостальскім адміністратарам для каталікоў лацінскага абраду поўначы Еўрапейскай часткі Расіі. У сакавіку 1999 г. выбраны Старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Расіі, а ў лютым 2002 прызначаны Папам Янам Паўлам ІІ мітрапалітам новаствораных рымска-каталіцкіх епархій Расіі.
Паводле “Нашай Нівы” (www.nn.by), ІА “Интерфакс-Запад” і www.catholic.by
|