Вуліц Вайніловіча, Сапегі і Брыля ў Менску не будзе
Вераснёўскае рашэнне дэпутатаў Мінгарсавету аб перайменаванні вуліцы Берсана ў вуліцу Вайніловіча, а таксама наданні гарадскім вуліцам імён Сапегі і Брыля не прайшло прававой экспертызы ў міністэрстве юстыцыі.
У Мінскім гарвыканкаме паведамілі, што згодна з законам аб мясцовым самакіраванні падобныя рашэнні мусяць абмяркоўвацца з насельніцтвам, аднак методыка абмеркавання на сёння не распрацаваная. Гэта і сталася фармальнай прычынай, паводле якой рашэнне 5-й сесіі Мінгарсавету ад 26 верасня не прайшло прававой экспертызы ў Міністэрстве юстыцыі. Аднак за гэтым праглядаецца палітычны жэст.
Рашэнне Мін’юсту каментуе старшыня ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алег Трусаў: “Гэта голы валюнтарызм. У гісторыі Беларусі гэта першы выпадак, калі Мін’юст умешваецца ў працу народных абраннікаў па такім пытанні, як наданне назваў вуліцаў, ці іх перайменаванне.
Што датычыць народнага абмеркавання, то наконт вуліцы Янкі Брыля ТБМ сабраў некалькі тысяч подпісаў з усёй Беларусі. Гэтыя подпісы былі перададзеныя старшыні Мінгарвыканкаму Міхаілу Паўлаву. Калі методыка абмеркавання на сёння не распрацаваная, то на якой падставе былі перайменаваныя праспект Скарыны і Машэрава? А тыя змены правялі ўвогуле не спытаўшыся ні чыйго меркавання.
Узнікаюць пытанні наконт вуліцаў Сапегі і Брыля. Планавалася, што іх імёнамі назавуць новыя вуліцы сталіцы. То ў чым тут праблема? Вядома, што супраць перайменавання вуліцы Берсана выступілі камуністы-чыкінцы, але ж і тут афіцыйнай нагодай адмены рашэння дэпутатаў гарсавету назвалі не пратэсты грамадзкасці, а адсутнасць методыкі”.
Паводле “Нашай Нівы” (www.nn.by)
|