Радзім Гарэцкі: “Ужо няведама, ці беларусы мы, ці не…”
Грамадcкі рэдактар тыдня на Радыё “Свабода” акадэмік Радзім Гарэцкі двойчы запар абіраўся прэзідэнтам Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету” “Бацькаўшчына”, зараз ён сябра Малой і Вялікай Радаў гэтай арганізацыі. Як мяняецца беларуская дыяспара? Хто ў ёй найбольш аўтарытэтны? Чым адрозныя беларусы ад замежнікаў? На такія пытанні адказаў сп. Гарэцкі для Радыё “Свабода”.
Уліцёнак: “Як вы ацэньваеце працэсы, што адбываюцца цяпер у беларускай дыяспары?”
Гарэцкі: “Пасляваенная – вельмі насычаная Беларушчынай, на жаль, адыходзіць. А новая, камерцыйная, яна ну вельмі хутка забываецца пра Беларусь”.
Уліцёнак: “Аднак ёсць жа ў замежжы беларусы, якіх можна назваць знакавымі?”
Гарэцкі: “Вельмі многа: Вітаўт Кіпель, Янка Запруднік, Антон Шукелойць, Барыс Кіт… Яны ўплываюць не толькі на замежную дыяспару, але і на нас”.
Уліцёнак: “Яшчэ адно прозвішча назаву: Зянон Пазьняк…”
Гарэцкі: “Выдатнейшы наш палітык, да таго ж яшчэ і паэт, мастак, фатограф. Але мне не па душы ягоная амбіцыйнасць. Каб не яна, не было б вось таго расколу БНФ. А як здарылася б ягонае вяртанне на Радзіму, прынцыпова тут бы нічога не змянілася. Затое за мяжой уплыў Зянона зараз больш стабільны і моцны”.
Уліцёнак: “Як вы ставіцеся да праблемы адтоку навуковай моладзі за мяжу?”
Гарэцкі: “Мне вельмі сумна, што нашы ўлады не даюць ёй магчымасці жыць і працаваць дома. Вось каб не туды з’язджаць, а наадварот…”
Уліцёнак: “Ну а “праграмы Каліноўскага”?
Гарэцкі: “Канечне, гэта дзікунства, што студэнты вымушаныя ехаць вучыцца некуды ў суседнія краіны. Аднак сапраўдныя “каліноўцы” навучацца там і вернуцца дадому”.
Уліцёнак: “Пра што беларускае найчасцей пытаюцца ў вас замежнікі?”
Гарэцкі: “Пра Чарнобыль. А яшчэ да Беларусі адносіны там як да апошняй дыктатарскай краіны Еўропы, дык да нас не зусім прыхільна ставяцца: маўляў, неяк падтрымліваеце тое, раз не можаце дэмакратыю ўсталяваць”.
Уліцёнак: “Чым яшчэ беларусы адрозніваюцца?”
Гарэцкі: “Нідзе няма такой абыякавасці да саміх сябе, як у нас. У астатніх заўсёды гонар за сваю нацыянальнасць, за сваю краіну. Мы ж неяк вельмі лёгка адмаўляемся ад нацыянальнай самасвядомасці, мовы і – асіміліруемся. І ўжо няведама, ці беларусы мы, ці не…”
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|