У Магілёве адзначылі 120-я ўгодкі з дня нараджэння Цішкі Гартнага

4 лістапада ў Пячэрскі лесапарк Магілёва да памятнага знаку беларускаму пісьменніку, першаму старшыні савецкага ўраду Беларусі прыйшлі два дзесяткі чалавек. На сімвалічным месцы пахавання Зміцера Жылуновіча адбыўся непрацяглы мітынг.

На мітынгу магілёўскія палітыкі, актывісты няўрадавых арганізацыяў узгадалі пісьменніка ды ягоныя творы. Прамаўлялі пра Беларускую Народную Рэспубліку, БССР ды сённяшнюю незалежную Беларусь.

З. Жылуновіч нарадзіўся 4 лістапада 1887 г. У кастрычніку 1918 года беларускі пісьменнік быў прыняты ў камуністычную партыі. 1 студзеня 1919 г. ён ачоліў першы савецкі ўрад Беларусі. У 1930 г. Зміцера Жылуновіча выключылі з партыі. У 1936 г. арыштавалі, а ў 1937-м назвалі псіхічна хворым. 7 красавіка 1937 г. яго змясцілі ў магілёўскую лякарню. 12 кастрычніка гэтага ж года Цішка Гартны памёр.

Паводле афіцыйнай версіі, пісьменнік памёр ад гангрэны лёгкіх. Гісторыкі ж спасылаюцца на відавочцаў трагедыі: паводле аповедаў, даведзены ўтрыманнем у лякарні да псіхічнага зрыву, Жылуновіч скончыў жыццё самагубствам.

Прыкладнае месца пахавання знайшоў кіраўнік магілёўскага аддзялення “Мартыралогу Беларусі” Валянцін Ермаловіч. У 1989 г. на гэтым месцы паставілі памятны знак.

Сёлета ўлетку актывісты гарадской суполкі Таварыства беларускай мовы звярнуліся да магілёўскіх уладаў з просьбай упарадкаваць тэрыторыю вакол памятнага знаку Цішку Гартнаму. Паводле старшыні суполкі Алега Дзячкова, у гарвыканкаме нібыта ўхвалілі ініцыятыву і пачалі распрацоўваць праект упарадкавання.

Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў