Камуністычны і антыкамуністычны форумы пройдуць у Мінску
Адразу дзве падзеі, наўпрост звязаныя з камунізмам, адбудуцца ў суботу, 3 лістапада, у Мінску.
У форуме “У будучыню – без камунізму” прымуць удзел навукоўцы, асобы, пацярпелыя ад рэпрэсіяў камуністычнага рэжыму, палітыкі, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі духавенства, а таксама замежныя госці, паведаміў адзін з арганізатараў акцыі, намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч.
Арганізатары форуму лічаць недапушчальным ператварэнне Беларусі ў цэнтр камуністычнай экспансіі і выказваюць свой рашучы пратэст супраць правядзення ў Мінску міжнароднай сустрэчы лідэраў камуністычных і працоўных партыяў. “Камуністы ўсяго свету выбралі Беларусь для правядзення свайго мерапрыемства, паколькі ў нашай краіне злачынствы камунізму дагэтуль не асуджаныя,” – адзначае А. Міхалевіч.
У форуме “Камуністы ў барацьбе супраць імперыялізму, за сацыялізм” збіраюцца удзельнічаць дэлегацыі камуністычных і рабочых партыяў больш за 80 краінаў.
Сакратар ЦК КПБ Георгій Атаманаў сказаў, што гэтая міжнародная сустрэча прысвячаецца 90-й гадавіне Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Ён гаворыць, што мерапрыемствы, прысвечаныя святу, падзяляюцца на дзве часткі – мінскую і маскоўскую, пасля сустрэчы ў сталіцы Беларусі госці пераедуць у сталіцу Расіі. Арганізацыю форуму ў Мінску Георгій Атаманаў тлумачыць гістарычнымі падзеямі, паколькі менавіта тут праходзіў першы з’езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|