С. Бэльхасэн: “Палітычны рэжым у Беларусі – самы рэпрэсіўны ў Еўропе”

“Я пераканалася ў тым, што абвінавачанні адносна Дашкевіча і Фінькевіча з’яўляюцца смешнымі”, – заявіла сёння прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Сугайр Бэльхасэн. Яна дадала, што мае намер стварыць камітэт у падтрымку палітвязня Андрэя Клімава.

Завяршыўся візіт у Беларусь прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Сугайр Бэльхасэн. Яна знаходзілася ў Беларусі з 28 кастрычніка і правяла сустрэчы ў Мінску і Гродна з роднымі палітзняволеных, прадстаўнікамі апазіцыйных палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Прадстаўнікі чатырох міністэрстваў – юстыцыі, інфармацыі, замежных і унутраных спраў – не пажадалі сустракацца з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека.

Па выніках візіту С. Бэльхасэн правяла прэс-канферэнцыю, у якой бралі удзел віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, лідэр ліквідаванага уладамі “Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі і жонка палітзняволенага Андрэя Клімава – Тацяна.

“Як прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека я хачу вам сказаць наколькі гэтая мая паездка ў Беларусь была важнай – як сімвал. Я хацела наведаць гэтую краіну, у якой палітычны рэжым з’яўляецца самым рэпрэсіўным у Еўропе. Прадэманстраваць нашу падтрымку праваабаронцам, а таксама апазіцыйным палітычным партыям. І каб падтрымаць нашу арганізацыю ў Беларусі , сябра федэрацыі – “Вясну”, – кажа С. Бэльхасэн.

Яна дадала: “Я прыехала сюды пасля судовага працэсу па справе рэгістрацыі “Вясны”, якой было адмоўлена ў рэгістрацыі. На няшчасце, такая сітуацыя “Праваабарончага цэнтру “Вясна” не арыгінальная. Многія арганізацыі знаходзяцца ў такім жа становішчы і вымушаны працаваць у нелегальных умовах. Яны пастаянна падвяргаюцца рэпрэсіям”.

Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў