Удзельнікі шэсця “Дзяды” прайшлі каля 10 кіламетраў
Больш за тысячу чалавек у нядзелю ўзялі ўдзел у традыцыйным шэсці “Дзяды” і мітынгу ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў 1937-1941 г., у часы сталінскіх рэпрэсіяў, адбываліся масавыя расстрэлы мірных грамадзянаў.
Сёлета акцыя, арганізатарам якой выступіла Кансерватыўна-хрысціянская партыя – БНФ, ладзілася ў дзевятнаццаты раз. Мінскі гарвыканкам даў дазвол правесці збор удзельнікаў ля Гадзіннікавага заводу “Прамень” і прайсці па ходніках уздоўж праспекту Незалежнасці да Курапатаў.
У прызначаны час, аб 11-й гадзіне, ля прахадной завода ўжо прысутнічалі каля паўтысячы чалавек, у часе шэсця іх колькасць павялічвалася.
Паколькі акцыі была дазволеная ўладамі, ніякіх эксцэсаў у часе яе правядзення не назіралася (праўда, на бульвары Талбухіна, на ўсялякі выпадак, прыхаваліся некалькі аўтазакаў ды аўтобус са спецназаўцамі). Дэманстранты неслі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі, партыйныя штандары (апроч КХП-БНФ, у шэсці ўдзельнічалі кіраўнікі і сябры Партыі БНФ, БСДП(Г)), расцяжкі з надпісамі “Камунізм – пад трыбунал”, “Памятаем пра ахвяры расійскага тэрору”, “Свабоду Казуліну”, “Свабоду Дашкевічу”, “1937 – 2007” ды іншыя.
Праз больш як дзве гадзіны (удзельнікі шэсця прайшлі каля 10 кіламетраў) калона спынілася ля адноўленага памятнага крыжа, усталяванага на ўваходзе ў Курапаты амаль дваццаць гадоў таму і незадоўга да “Дзядоў” зламанага невядомымі вандаламі. Людзі ўсклалі да падножжа кветкі і запалілі знічкі ды лампадкі, пасля чаго прайшлі да трох памятных крыжоў на “Курапацкай Галгофе”, дзе адбыўся непрацяглы мітынг.
На мітынгу выступілі кіраўнікі КХП-БНФ Юрась Беленькі (“пакуль мы ходзім у Курапаты, пакуль жыве памяць – датуль жыве беларускі народ, жыве нацыя”), Алесь Чахольскі, Валеры Буйвал, які зачытаў ліст са зваротам да ўдзельнікаў акцыі лідэра партыі Зянона Пазьняка, а таксама Сяргей Папкоў.
Тым часам, грамадскія актывісты ўсталёўвалі ва ўрочышчы новыя крыжы – усяго над магіламі ўзнесліся шаснаццаць новых хрысціянскіх сімвалаў.
Па завяршэнні мітынгу людзі мірна разышліся, а С. Папкоў паведаміў, што 4-га лістапада (акурат, калі ў Мінску запланаваны “Сацыяльны марш”) КХП-БНФ зладзіць шэсце да Лошыцкага яру, дзе ў часы сталінскіх рэпрэсіяў энкаведысты таксама забівалі мірных людзей.
Паводле “Салідарнасці” (www.gazetaby.com)
|