Парламент прыняў праект закону аб амністыі

Палата прадстаўнікоў сёння прыняла законапраект “Аб амністыі некаторых катэгорый асобаў, якія здзейснілі злачынства”.

У выніку амністыі ад адбывання пакарання можа быць вызвалена каля 3,5 тысяч асуджаных, у тым ліку з месцаў пазбаўлення волі — каля 1,6 тысячы асуджаных. У адпаведнасці з законапраектам, упершыню амністыя будзе распаўсюджвацца толькі на асуджаных.

Сярод іншых ад пакарання будуць вызваленыя асуджаныя, якія адбылі не менш за адну траціну прызначанага пакарання. Разам з тым, амністыя не распаўсюджваецца на асобаў, да якіх раней ужываліся амністыя або памілаванне і якія паўторна здзейснілі наўмыснае злачынства. Акрамя таго, гэта датычыцца асобаў, якія злосна парушалі парадак падчас адбывання пакарання, паведамляе "Інтэрфакс".

Ці трапляе пад амністыю былы кандыдат у прэзідэнты, палітвязень Аляксандр Казулін? Супрацоўнік адміністрацыі калоніі “Віцьба-3”, дзе палітык адбывае пакаранне, адказаў, што пакуль наконт Казуліна нічога не вядома: “Мы яшчэ не бачылі гэты закон, пакуль нічога не ведаем. Калі ён выйдзе ў друку, тады будзем бачыць. Разглядаць пытанне наконт амністыі будуць камісіі, спецаддзелы і гэтак далей — то бок, адпаведна з законам”.

Міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў паведаміў журналістам, што не аналізаваў, ці трапяць пад амністыю асобы, якіх апазіцыя называе палітычнымі зняволенымі. “Калі яны строга падыходзяць пад палажэнні закона, яны будуць вызваленыя”, — паведаміў міністр.

Юрыст і былы адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч выказаў меркаванне, што палітвязні пад амністыю не трапіць: “Клімаў не можа быць вызвалены, таму што ён быў амніставаны мінулым разам. Астатнія палітвязні, як Фінькевіч, Дашкевіч, Казулін, лічацца злоснымі парушальнікамі рэжыму папраўчай установы, маюць дысцыплінарныя пакаранні. Паводле адной з нормаў новага закону, амністыя на іх не распаўсюджваецца”.

Паводле БелаПАН, ІА “Интерфакс-Запад”, “Нашай Нівы” (www.nn.by)
і “Еўрапейскага радыё для Беларусі” (www.belradio.fm)

‹‹ на галоўную | у архіў