Не стала прафесара Лойкі

21 кастрычніка на 64-м годзе жыцця памёр доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры дыпламатычнай і консульскай службы факультэта міжнародных адносінаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту Леанід Лойка.

Як паведаміў яго паплечнік і сябар Аляксей Кароль, Л.Лойка — знакавая фігура як для беларускай сацыял-дэмакратыі, так і для беларускай дыпламатыі.

“Леанід падчас узнікнення польскага рабочага руху “Салідарнасць” працаваў у Польшчы ў амбасадзе СССР. Ён аўтар некалькіх кніг па гісторыі гэтага руху. І, як ён сам мне казаў, пасля заканчэння сваіх паўнамоцтваў дыпламаты пакідалі Польшчу з высока ўзнятай галавой. Бо дзякуючы ў тым ліку і іх намаганням у Савецкім Саюзе было прынятае рашэнне не ўводзіць войскі ў Польшчу”, — сказаў А. Кароль.

Пасля вяртання ў Беларусь Л.Лойка быў адным з ініцыятараў стварэння шматпартыйнай сістэмы.

“У свой час ён прапаноўваў рэформу Камуністычнай партыі Беларусі ў партыю сацыял-дэмакратычнай накіраванасці. Разам з ім мы стваралі Партыю Народнай Згоды, і менавіта ён прыцягнуў да яе дзейнасці Генадзя Карпенку і Віктара Ганчара. Потым быў доўгі працэс аб’яднання сацыял-дэмакратычных партый. У выніку Лойка заставаўся нязменным членам Цэнтральнага камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Ён да апошніх дзён працаваў у партыі”, — зазначыў А.Кароль.

“Шмат у чым дзякуючы яго ініцыятыве прыйшоў у партыю і стаў яе старшынёй былы рэктар БДУ Аляксандр Казулін”, — заявіў А.Кароль.

Грамадзянская паніхіда адбудзецца 23 кастрычніка з 10 да 12 гадзін па адрасе: вул. Голубева, 14-605. Пахаваны Л. Лойка будзе на гарадскіх могілках у Смалявічах.

Паводле БелаПАН і “Нашай Нівы” (www.nn.by)

‹‹ на галоўную | у архіў