Дзяржава манапалізуе імпарт цыгарэт

18 кастрычніка прэзідэнт Лукашэнка выдаў Дэкрэт №4, які замацоўвае за дзяржавай выключнае права на імпарт тытунёвай сыравіны ды вырабаў. Гэта значыцца, ўсталёўвае манаполію.

Цяпер імпарт згаданых вырабаў зможа здзяйсняць толькі некалькі прадпрыемстваў. Сыравіну дазволілі вазіць гарадзенскай тытунёвай фабрыцы “Нёман” ды таварыству з абмежаванай адказнасцю “Тытунь-інвест”. Цыгарэты будзе імпартаваць толькі вытворча-гандлёвае прадпрыемства “Беларусь гандаль” Упраўлення справамі прэзідэнта.

Усе дамовы, якія падпісвалі раней астатнія прадпрыемствы касуюцца да 1 студзеня 2008 г.

Аптовы гандаль тытунёвай сыравінай забараняецца ўсім, акрамя прадпрыемстваў па вырабу цыгарэт. Дэкрэт таксама рэгулюе вытворчасць, рэкламу ды спажыванне тытунёвых вырабаў. Напраўду, якім чынам гэта можна рэгуляваць, Прэс-служба прэзідэнта Лукашэнкі не ўдакладняе.

Дэкрэт №4 нарэшце адмяняе квоты на імпарт замежных цыгарэт. Праз гэта пакутавалі многія курцы. Бо квоты былі маленькія і вычэрпваліся хутка. Здараліся сітуацыі, калі чалавек, які заўсёды паліў, скажам, цыгарэты “Marlboro”, чуў ад прадаўца, што ў гэтым годзе “Marlboro” больш не будзе. Эксперымент, відаць, так і не прымусіў беларусаў “паліць сваё”.

Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by)

‹‹ на галоўную | у архіў