Амбасадар Ізраіля: “У словах Лукашэнкі чутны водгалас антысемітызму”

“Выказванні прэзідэнта Беларусі ў адрас габрэяў выклікаюць здзіўленне і шкадаванне”, – так пракаментаваў амбасадар Ізраіля ў Беларусі Зееў Бэн-Ар’е словы Аляксандра Лукашэнкі, якія прагучалі 12 кастрычніка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі расійскіх рэгіянальных СМІ.

Падчас прэс-канферэнцыі прэзідэнт, у прыватнасці, заявіў: “Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было зайсці! Свінушнік быў! Гэта ў асноўным быў габрэйскі горад. Ну, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі”. Разам з тым ён адзначыў, што габрэі, якія жывуць за мяжой, “інвеставалі мільёнаў 60 у эканоміку Беларусі” і запрасіў іх вяртацца ў краіну.

Па словах ізраільскага дыпламату, у выказваннях беларускага прэзідэнта “чуюцца водгаласы, як я спадзяваўся, даўно пахаванага гісторыяй асвечанага чалавецтва міфа аб габрэях неахайных, брудных, якія дрэнна пахнуць, міфа антысеміцкага”. “Такое ўражанне, што Бабруйск быў незалежнай габрэйскай вотчынай з сваім асобным бюджэтам, а не адным з беларускіх гарадоў, дзе адказнасць за добраўпарадкаванне і сродкі для гэтага былі ў руках афіцыйных улад. Слава Богу, што цяпер знаходзяць сродкі на добраўпарадкаванне”, – сказаў амбасадар.

Разам з тым ён выказаў пажаданне, каб “беларускія гарады дасягнулі ўзроўню муніцыпальных і сацыяльных службаў Ізраіля з яго, скажам, медыцынскім абслугоўваннем, клопатам аб састарэлых і інвалідах, барацьбой з наркотыкамі, алкагалізмам і гвалтам у сям'і, абсталяваннем дзіцячых садоў і школ, хоць прэзідэнт і ўгледзеў дзесьці непадстрыжаную траву”.

Закрануўшы пытанне габрэяў ,якія вяртаюцца ў краіну, З. Бэн-Ар’е адзначыў, што “гэта, вядома, справа Беларусі – каго прымаць, а каго не”. “З свайго боку як амбасадар Ізраіля хачу сказаць, што Дзяржава Ізраіль, з’яўляючыся нацыянальным домам габрэяў, прымала, прымае і будзе прымаць усіх габрэяў, жадаючых прыехаць да нас, незалежна ад таго, ёсць у іх гроша ці не”, – падкрэсліў дыпламат.

Ізраільскі амбасадар таксама выказаў надзею на тое, “што ў Беларусі, на зямлі якой загінула ад рук нацыстаў і іх памагатых ледзь ці не ўся, адна з самых вялікіх у Еўропе габрэйскіх суполак, будуць з вялікай увагай ставіцца да праяў антысемітызму і ўстрымоўвацца ад любых заяў, якія могуць стымуляваць такія сумныя з’явы”.

Паводле БелаПАН і “Хартыі’97” (www.charter97.org)

‹‹ на галоўную | у архіў