У Маскве прайшоў Трэці з'езд Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”
Трэці з’езд Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” 13 кастрычніка адбыўся ў Маскве. У якасці дэлегатаў на з’ездзе прысутнічалі 95 прадстаўнікоў беларускіх суполак з розных рэгіёнаў Расіі, якія ўваходзяць у склад Аўтаноміі. Таксама было больш за 200 гасцей, сярод якіх — і прадстаўнікі іншых беларускіх суполак Расіі. Грамадскасць Беларусі была прадстаўлена кіраўніцтвам МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” – старшынёй Рады Аленай Макоўскай, намесніцай старшыні Рады Нінай Шыдлоўскай і сябрам Управы Сяргеем Чыславым. Афіцыйны Мінск прадстаўлялі: упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Слабадчук і намеснік міністра культуры Валерый Гедройц. Ад расійскіх дзяржаўных органаў на з’едзе прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства рэгіянальнага развіцця Расіі і кіраўніцтва Масквы, а таксама дэпутат Дзярждумы.
Пасля адкрыцця працы з’езду было зачытана вітальнае слова А.Лукашэнкі, якое агучыў амбасадар Беларусі ў РФ В. Далгалёў. Таксама былі агучаныя і вітальныя лісты ў адрас з’езду ад іншых афіцыйных асобаў Беларусі і Расіі.
У справаздачным дакладзе за 2002—2007 гг. кіраўнік ФНКА “Беларусі Расіі” адзначыў актывізацыю за апошні час дзейнасці беларускіх суполак. Ф. Каўрыга падкрэсліў, што вялікая ўвага ў дзейнасці ФНКА надавалася супрацоўніцтву дзелавых колаў беларусаў Расіі з беларускімі прадпрыемствамі і арганізацыямі Беларусі. Кіраўнік аўтаноміі таксама адзначыў, што рашэнне ўраду Расіі аказаць фінансавую падтрымку ФНКА “Беларусы Расіі” дапаможа развіццю сувязяў паміж дзвюма краінамі. Па словах Ф. Каўрыгі, упершыню ўрад дадаў у бюджэт краіны пункт пра падтрымку ФНКА на суму 240 млн. рублёў. Шмат цёплых слоў было сказана ў адрас Амбасады Беларусі ў Расіі, якая спрыяе дзейнасці ФНКА. Таксама кіраўнік Аўтаноміі адзначыў актыўны ўдзел “Беларусаў Расіі” ў дзяржаўных мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь.
У справаздачы рэвізійнай камісіі была агучана толькі колькасць рэгіянальных структур і пасяджэнняў Савета ФНКА, больш лічбаў не прагучала. Такім чынам, пра фінансавы стан ФНКА з моманту міналага з’езду да цяперашняга, куды і як выдаткоўваліся рэсурсы, даведацца слухачам не давялося, што аднак не перашкодзіла дэлегатам з’езду ўхваліць справаздачу.
Выступ упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі ў асноўным быў прысвечаны пытанням эканамічнага супрацоўніцтва паміж Расіяй і Беларуссю, супольным будаўнічым праектам паміж Беларуссю і Масквой, удзелу ў гэтым працэсе беларускай дыяспары Расіі. У сваім выступе Леанід Гуляка падкрэсліў, што праца з беларускім замежжам з’яўляецца прыярытэтным накірункам знешняй палітыкі Беларусі. Аднак пра закон, што ўжо з 2001 г. распрацоўваўся Дзяржаўным камітэтам па справах рэлігій і нацыянальнасцяў (цяпер — апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў) было згадана між іншым, і на якой стадыі цяпер знаходзіцца распрацоўка зараз дэлегаты з’езду не пачулі.
Намеснік міністра інфармацыі выказваў заклапочанасць неаб’ектыўнам асвятленнем падзей у Беларусі з боку расійскага тэлебачання, у сувязі з чым сетка беларускага сатэлітнага вяшчання на Расію будзе пашырацца. Вельмі маляўніча сп. Слабадчук гаварыў пра любоў да Радзімы з боку прадстаўнікоў беларускай дыяспары, з чаго вынікала: Міністэрства інфармацыі дакладна ведае, што беларусы Расіі любяць Радзіму. Але намеснікам міністра не было сказана ні слова, ці будзе ажыццяўляцца падтрымка беларускіх СМІ ў Расіі, ці будзе Міністэрства інфармацыі спрыяць заснаванню беларускіх выданняў у замежжы, якім чынам будзе забяспечвацца падпіска беларускай нацыянальнай меншасці Расіі на беларускія газеты і часопісы, і ці будуць заключацца пагадненні аб рэгулярным інфармацыйным абмене з тэлебачаннем Расіі з улікам патрэб беларускай дыяспары.
Не застаўся без увагі і выступ старшыні Рады “Бацькаўшчыны” (падаецца ніжэй) Алены Макоўскай. Шмат хто з прысутных адзначылі, што выступ пераклікаўся з іх думкамі, з тым, пра што яны хацелі, але не атрымалі магчымасці сказаць з трыбуны.
Дарэчы, толькі дзякуючы ўласнай настойлівасці кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” было запрошана на з’езд ФНКА, бо адпачатку Згуртавання ў спісе ўдзельнікаў не было. Не гледзячы на гэта, А. Макоўскую запрасілі ў прэзідыум (як і афіцыйную дэлегацыю ад Беларусі), і далі магчымасць выступіць.
Беларуская дыяспара на з’ездзе ФНКА была вельмі прадстаўнічай, хаця і моцна кідалася ў вочы амаль адсутнасць моладзі. Далёка не ўсе з прысутных кіраўнікоў беларускіх арганізацый атрымалі статус дэлегатаў. Хутчэй як выключэнне, была дадзена магчымасць выступіць кіраўніку Іркуцкага таварыства беларускай культуры А. Рудакову, які, не зважаючы на сістэматычную, тытанічную працу на беларускай ніве, статус дэлегата не атрымаў і не быў адзначаны ніводнай з узнагародаў ні ад беларускай дзяржавы, ні ад ФНКА.
Прадстаўнікі беларускай дыяспары з Масквы ў асноўным гаварылі пра саюз Беларусі і Расіі, сяброўства двух брацкіх народаў. Рыторыка нагадвала гады савецкай эпохі, прычым у выступах была відавочная супярэчнасць: калі ў беларускага і рускага народаў такія аднолькавыя культуры, навошта сабраліся на свой з’езд беларусы з усёй Расіі і чаму казалі пра неабходнасць захавання беларускай культуры.
Дэпутат дзярждумы Расіі Франц Клінцэвіч (адзін з нямногіх, хто атрымаў магчымасць выступу) замест абмеркавання праблемаў беларускай дыяспары цікава распавёў пра сваю сям’ю, падзяліўся ўражаннямі ад паездкі ва Украіну, расказаў пару анекдотаў ды правёў агітацыйную кампанію за Пуціна, выклікаўшы апошнім абурэнне часткі дэлегатаў з’езду, у тым ліку вядомага беларускага касманаўта, сябра Савета ФНКА Уладзіміра Кавалёнка.
Супрацоўнік інстытута краін СНД Кірыл Фралоў у інтэрв’ю “Русской службе новостей” выказаў падобнае меркаванне: “Збіраецца тая частка беларускага грамадства ў Расіі, якая стаіць на пазіцыях саюза Беларусі і Расіі. Ёсць жа розныя колы. Ёсць так званыя “ліцвіны”, якія прапаведуюць антырасійскія тэорыі, і ёсць беларусы, якія сабе не аддзяляюць ад рускага свету”.
Прадстаўнікі беларускай дыяспары з рэгіёнаў, якія праехалі тысячы кіламетраў дзеля аднадзённага з’езду, магчымасць выступіць практычна і не атрымалі. Тыя нямногія, што апынуліся на трыбуне, абыходзілі ў сваіх выступах палітычную тэматыку, засяроджваюся на вопыце працы ў суполках і тых праблемах, з якімі даводзіцца сутыкацца. Былі выказаны пажаданні да кіраўніцтва ФНКА аб неабходнасці пашырэння кантактаў Масква – рэгіёны, наладжванні зваротнай сувязі, размяшчэнні інфармацыі пра дзейнасць арганізацый на сайце, стварэння сеткі інфармацыйнага ўзаемаабмену, атрымання дапамогі ад ФНКА (у першую чаргу беларускамоўных кніг, падручнікаў, слоўнікаў, метадычных матэрыялаў), удзелу кіраўніцтва і прадстаўнікоў цэнтральнай арганізацыі ў мерапрыемствах рэгіяналаў. Таксама выступоўцы адзначылі тэмпы асіміляцыі беларусаў у Расійскай Федэрацыі. Па агучанай статыстыцы, у 1980-х гадах у Расіі пражывала каля 1 200 000 беларусаў. Па апошнім перапісу 2002 г. ва ўсёй РФ жыве 814 700 беларусаў.
Трэба адзначыць, што праграма працы з’езду была вельмі сціснутай. Праца пачалася ў 11.00 і скончылася ўжо ў 15.00, уключаючы перапынак. Потым пачаліся выбары, якія прайшлі за якіх паўгадзіны. У новаабраную раду ФНКА ўвайшлі 55 чалавек, старшынёй рады чарговы раз быў абраны Ф. Каўрыга, першым намеснікам – старшыня рады НКА “Беларусы Масквы” Сяргей Кандыбовіч. Прыняцце выніковых дакументаў адбывалася на слых. Таму мала хто з прысутных мог у дэталях унікнуць у нюансы рашэння з’езду і звароту да кіраўнікоў Беларусі і Расіі.
Закончылася мерапрыемства канцэртам. Традыцыйна асноўную частку выступленняў занялі фальклорныя кампазіцыі. Удзел узялі беларускія калектывы з Томска, Цюмені, Масквы, выканаўцы з Новасібірска.
Прадстаўнікі беларускіх арганізацый Расіі ў кулуарах наракалі на тое, што не атрымалі магчымасці выступіць і распавесці пра свой вопыт дзейнасці, падзяліцца праблемамі, што не было арганізавана ніводнага круглага стала, а некаторыя ехалі з вельмі далёкіх рэгіёнаў. І зноў жа чарговая супярэчнасць: калі вядучы з’езду паставіў на галасаванне, ці скончыць палеміку і перайсці да выбараў, бальшыня прагаласавала “за”, і пленарнае пасяджэнне скончылася. “Рэгіяналы” скардзіліся, што фактычна вымушаны спадзявацца толькі самі на сябе, працуючы ў рэгіёнах. Аб падтрымцы з боку Беларусі можна толькі марыць.
А праблемаў шмат. Да прыкладу, вельмі балючае пытанне для беларусаў у Расіі – беларускае школьніцтва. “Некалькі год таму ў Маскве спрабавалі адкрыць беларускую школу, — распавяла А. Макоўская. – Але не набралі навучэнцаў”. Яна выказала меркаванне, што пры належнай рэкламе, падтрымцы з боку беларускай дзяржавы, у тым ліку квоце пры паступленні ў ВНУ Беларусі, такая школа ў Маскве магла б не толькі працаваць без усялякіх праблем, але з часам стаць і элітарнай. Проста тут трэба аб’яднаць высілкі дыяспары і Беларусі”.
Безумоўна, прадстаўнікі “Бацькаўшчыны” не маглі не адзначыць і той факт, што сярод грамадскіх арганізацый, якія адзначыў Л. Гуляка ў сваім выступе як тыя, хто працуе з беларускай дыяспарай, назвы “Бацькаўшчына” не прагучала. Затое прагучала яна ў выступах саміх дэлегатаў, якія як з трыбуны, так і па-за пасяджэннем дзякавалі за падтрымку і ўвагу з боку Згуртавання, у тым ліку за дасылку бюлетэня “Беларусы ў свеце”.
“Самае галоўнае, у чым было прыемна пераканацца — у беларускай дыяспары Расіі ёсць велічэзны патэнцыял, — адзначыла А. Макоўская. – Для яго развіцця патрэбная толькі супраца і сістэмная дапамога з боку беларускай дзяржавы. У рэгіёнах Расіі робіцца вялікая праца канкрэтнымі людзьмі, сапраўднымі энтузіястамі сваёй справы. Пра іх дзейнасць павінны ведаць і ў Беларусі, і ў беларускім замежжы. Гэтым людзям трэба дапамагаць, і гэта дапамога вернецца спаўна”.
Па словах Н. Шыдлоўскай, удзел у з’ездзе быў карысны для арганізацыі яшчэ і тым, што ўдалося пабачыцца з многімі кіраўнікамі суполак дыяспары з рэгіёнаў, даведацца пра настроі сярод арганізацый ФНКА. Акрамя таго, па яе словах, менавіта ў Маскве ўдалося прымусіць беларускіх чыноўнікаў выслухаць пазіцыю “Бацькаўшчыны”, бо ў Мінску да іх дагрукацца немагчыма. 
1. Выступае кіраўнік ФНКА “Беларусы Расіі” Францішак Каўрыга

2. Выступае старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская
3. Дэлегаты ІІІ з’езду ФНКА “Беларусы Расіі”

4. Старшыня Нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Томску Любоў Адаскевіч і мастак-кераміст Ігар Лебедзеў прадстаўляюць вырабы майстра
5. Выступае фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Вячоркі” (в. Вікулава, Цюменская вобласць)
|