Помнік Касцюшку з’явіцца ў Старых Дарогах

Мастацтвазнаўца, кіраўнік клуба “Спадчына” Анатоль Белы марыць сабраць у Старых Дарогах усіх славутых беларусаў, якія прынеслі славу Айчыне. 15 кастрычніка, тут адбудзецца ўрачыстае адкрыццё чарговага помніка чарговаму шчыраму беларусу, якога ведае сусвет — Тадэвушу Касцюшку. Урачыстасць прымеркавана да 190-годдзя з дня смерці змагара і на зямлі беларускай, і на зямлі амерыканскай.

У гэтым унікальным музеі кожны сантыметр музейнай плошчы прасякнуты беларушчынай, яе гісторыяй і сучаснасцю. Тут помнікі Адаму і Максіму Багдановічам, Ларысе Геніюш, гісторыку Уладзіміру Улашчыку, Скарыну, Гусоўскаму, Ефрасінні Полацкай, Сямёну Буднаму… — ужо 40 непаўторных выяваў, якія месцяцца на тэрыторыі непаўторнага беларускага Пантэона.

40 асобаў, 40 сусветных землякоў, большасць з якіх занядбаны ці ад якіх выракліся ў свой час улады. Ніводзін прыватны музей свету не можа пахваліцца такой калекцыяй, зробленай адным чалавекам. Канешне, у яго ёсць сябры-паплечнікі, якія дапамагаюць ажыццявіць задуманае.

Над выявай Касцюшкі працавалі мастакі Анатоль Крывенка і Алег Цыркуноў. Атрымаўся пагрудны помнік з ліставога металу 200х162 сантыметры – велічны і непаўторны будзе глядзець на Беларусь Касцюшка ў генеральскіх пагонах і пры ўсіх сваіх ордэнах і медалях.

Па словах А. Белага, у Беларусі ёсць бюст Касцюшку, пастаўлены амбасадай ЗША. Ён месціцца на радзіме Касцюшкі ў Брэсцкай вобласці. Вельмі б добра было, гаворыць гісторык, каб на адкрыццё помніка ў Старых Дарогах завіталі і сённяшнія прадстаўнікі пасольства гэтай краіны. На сваёй радзіме, у Амерыцы, яны ўвекавечылі славутага беларуса. Помнікі яму стаяць у шасці гарадах ЗША: Вашынгтоне, Чыкага, Філадэльфіі, Санкт-Пецярбургу і Вестпоінце. Змагаючыся за незалежнасць ЗША, беларускі шляхціч атрымаў званне генерала і стаў нацыянальным героем. Заснаваў першую ў Амерыцы акадэмію – Вестпоінт. У штаце Місісіпі яго імем названы горад.

Палякі таксама лічаць яго нацыянальным героем. У 1794 г. Касцюшка ўзначаліў паўстанне за незалежнасць Рэчы Паспалітай ад расейскай акупацыі. Помнікі яму стаяць у гарадах Кракаў, Лодзь і Познань. Падчас вайны фашысты іх знішчылі, аднак у 60-гадах палякі іх аднавілі.

Устанаўліваючы помнік у Старых Дарогах, на беларускай зямлі, А. Белы хоча сказаць: Т. Касцюшка – беларус і ніхто іншы. Радзінная зямля ўскарміла яго любоў да свабоды і нянавісць да любога прыгнечання.

Дзе яшчэ ёсць помнікі славутым беларусам?

Самы славуты наш зямляк – Адам Міцкевіч. На думку спецыялістаў, класіку сусветнай літаратуры пастаўлена каля 40 помнікаў. Падлічыць дакладна ніхто не можа. Ёсць у Польшчы, Вільні, Івана-Франкоўску, Львове (Україна) і нават у Парыжы.

А Максіма Багдановіча памятаюць у Крыме. Першы помнік яму за мяжой з’явіўся ў Місхоры ў 1957 г., Заір Азгур зрабіў бюст паэта. У 1994 г. помнік устаноўлены ў Яраслаўлі таксама з дапамогай Анатоля Белага. Летам 2003 г. на магіле паэта ў Ялце з»явіўся новы помнік. Да гэтага там стаяў абеліск.

Янка Купала, апроч радзімы, увекавечаны ў Амерыцы дзякуючы беларускай дыяспары. У 1970 годзе ў гарадку Манро, што непадалёку ад Нью-Йорка, з’явіліся адразу бюсты Тарасу Шаўчэнку і Аляксандру Пушкіну. Гэта быў сімвалічны знак яднання народаў-братоў. Нядаўна ўстаноўлены яшчэ помнік Янку Купалу ў Маскве.

У японскім горадзе Хакодатэ ў прыватным музеі знаходзіцца бюст Іосіфа Гашкевіча, першага генконсула Расійскай імперыі ў Японіі. Ён нарадзіўся на Астравеччыне. Бюст перададзены ў дар музею ў 1989 г. ад імя грамадскай арганізацыі “Саюз савецкіх аб’яднанняў дружбы”.

Пад кіраўніцтвам І. Гашкевіча была закладзена першая праваслаўная царква ў Японіі, пабудаваны бальніца і школа для японскіх дзетак. Ён таксама стварыў першы першы япона-расійскі слоўнік з каментарыямі.

А ў адным з раёнаў Прагі – Градчанах – стаіць помнік Францыску Скарыну. Яго ўрачыста адкрылі ў 1996 г. Вышыня яго разам з гранітным пастаментам больш за 2 з паловай метраў. На бронзавым лісце, прымацаваным на валуне непадалёку, надпіс аб дзейнасці Скарыны ў Празе на беларускай і чэшскай мовах. Менавіта ў гэтым горадзе ён надрукаваў “Псалтыр”, які лічыцца першай беларускай друкаванай кнігай. У Празе ёсць яшчэ мемарыяльная дошка ў дворыку самай старой бібліятэкі Кляменціума у цэнтры гэтай сталіцы. Менавіта тут Васіль Быкаў даў сваё апошняе інтэрв’ю.

А Ігнат Дамейка і сёння адзін з самых паважаных людзей Чылі. Ён нарадзіўся ў 1802 г. у вёсцы Мядзвядка Карэліцкага раёна. Там цяпер ёсць музей у базавай школе, прысвечаны знакамітаму земляку. У Чылі Дамейка узняў навуку на новую вышыню, а потым стаў рэктарам Чылійскага універсітэта. Там ён адкрыў залежы золата, серабра, медзі, вугалю, мноства невядомых дагэтуль мінералаў, пабудаваў водаправод, вырашыўшы праблему водазабеспячэння сталіцы. Тут і ўзвышаецца помнік І. Дамейку з надпісам “Вялікі Асветнік”. Памёр беларус у 1889 г. і яго імем названы горны хрыбет у Кардыльерах, порт, мінерал дамейкус, від фіялкі і нават дыназаўр — дамейказаўр.

У цэнтры эстонскага гарадка Ківіылі стаіць мемарыяльны знак у гонар беларускага пісьменніка Янкі Скрыгана, устаноўлены ў 1998 г. па ініцыятыве мясцовых беларусаў. Тут з 1948 па 1949 г. ён працаваў бухгалтарам.. У 1937-м пісьменніку прысвоілі “званне” “вораг народа” і забаранілі жыць на радзіме і буйных расейскіх гарадах. У Эстонію ён перабраўся да сябра. У 1949 г. яго зноў этапіравалі ў Сібір і толькі ў 1955-м рэабілітавалі і ён вярнуўся ў Беларусь . Было яму пад 50. Больш у Эстоніі помнікам беларусам няма.

Паводле bulletinonline.org

‹‹ на галоўную | у архіў