“Малады Фронт” будзе скардзіцца ў Камітэт па правах чалавека ААН

Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь прызнаў правамерным рашэнне ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкаму адмовіць у рэгістрацыі грамадскаму аб’яднанню “Малады Фронт”.

Падставамі для адмовы сталася тое, што, па меркаванню чыноўнікаў, новаствораная арганізацыя мае на мэце “заклік да гвалтоўнай змены ўлады ў краіне, прапаганды міжнацыянальнай і расавай варожасці”, а таксама ранейшы ўдзел заснавальнікаў арганізацыі ў несанкцыянаваных акцыях ды адміністрацыйныя і крымінальныя справы, што былі раней заведзеныя на іх.

8 кастрычніка калегія Вярхоўнага суду у складзе суддзяў Яхнавец і Бабкоў пад старшынствам суддзі Самалюка заслухала тлумачэнні прадстаўнікоў “Маладога Фронту” – Насты Лойкі, Барыса Гарэцкага і Кірыла Шымановіча. Свае довады неправамернай дзейнасці ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкаму агучылі прадстаўнікі грамадскасці – праваабаронцы Юры Чавусаў, Алена Танкачова і Вольга Смалянка.

На тое, каб вынесці прысуд, калегіі Вярхоўнага суду хапіла 15 хвілін. Такім чынам Вярхоўны суд пакінуў у сіле рашэнне ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкаму аб адмове ў рэгістрацыі грамадскаму аб’яднанню “Малады Фронт”. Адзінае, што Вярхоўны суд адмяніў – гэта рашэнне Мінскага суду аб спагнанні дзяржаўнай пошліны з “Маладога Фронту” за правядзенне папярэдняга судовага паседжання. Праваабаронцы адзначаюць, што створаны вельмі негатыўны для беларускай судовай практыкі прэцэдэнт.

Праваабаронца Юры Чавусаў: Суд вызначыў, што абставіны, паслужыўшыя адказам у рэгістрацыі, мелі месца. Гэта адзінае, што прагучала. За 15 хвілін быў вынесены вердыкт па гэтай складанай справе. Сапраўды, створаны небяспечны прэцэдэнт, калі асобы заснавальнікаў становяцца падставай для таго, каб ацэньваць арганізацыю, рэгістраваць яе ці адмаўляць у рэгістрацыі. Аналагічная сітуацыя была і з праваабарончым цэнтрам “Вясна” – ім таксама адмовілі з-за таго, што некаторыя заснавальнікі прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці. Гэта вельмі небяспечны факт.

Заснавальнікі “Маладога Фронту” будуць працягваць спрабаваць зарэгістраваць арганізацыю. Акрамя таго, “маладафронтаўцы” будуць апеляваць да міжнародных арганізацый, што займаюцца правамі чалавека, бо відавочны факт абмежавання правоў паводле палітычных і ідэйных поглядаў чалавека. Прадстаўніца “Маладога Фронту” Наста Лойка распавяла: “Я чакала, што вынікі працэсу ў Вярхоўным судзе будуць значна лепшымі. Мы спадзяваліся, што вышэйшая інстанцыя адменіць хаця б часткова рашэнне гарадскога суду. Мы будзем падаваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Да таго ж, надалей будзем спрабаваць зарэгістравацца, магчыма, як рэспубліканскае ці міжнароднае аб’яднанне”.

Нагадаю, што незарэгістраваная моладзевая арганізацыя “Малады Фронт” сем разоў спрабавала ўвайсці ў прававое поле. Толькі ў гэтым годзе маладыя людзі двойчы спрабавалі зарэгістраваць арганізацыю. І кожны раз Міністэрства юстыцыі адмаўляла ў гэтым. За апошнія паўтара гады чатырнаццаць чалавек былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці паводле 193 артыкулу Крымінальнага кодэксу Беларусі за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Па гэтым жа артыкуле на паўтара гады пазбаўлення волі быў асуджаны лідэр “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч.

Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by/)

‹‹ на галоўную | у архіў