У Вільні ўшанавалі памяць Максіма Гарэцкага і Наталлі Арсенневай

6 кастрычніка памяць адразу двух выбітных беларускіх літаратараў ушанавалі ў колішняй беларускай сталіцы – Вільні. Памятныя дошкі ў гонар Максіма Гарэцкага і яго вучаніцы Наталлі Арсенневай былі усталяваны на былой будове Беларускай гімназіі. Асноўным арганізатарам урачыстасці стала Таварыства беларускай культуры ў Вільні і яго старшыня Хведар Нюнька. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” дапамагала і ў вырабе шыльдаў, і ўдзельнічала ў іх адкрыцці.

На адкрыцці прысутнічалі пляменнік Максіма Гарэцкага Радзім Гарэцкі з жонкай Галінай, аўтар праектаў беларускі скульптар Алесь Шатэрнік, старшыня ТБК Хв. Нюнька, актыўная дзяячка ТБК Леакадзія Мілаш, старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская, яе намесніца Ніна Шыдлоўская. На ўрачыстасць прыйшло больш за паўсотні беларусаў Вільні.

Адкрываў і вёў імпрэзу Хведар Нюнька. У выступах удзельнікаў гучала шмат цёплых словаў у гонар выбітных беларускіх пісьменнікаў. Адзначылі, што такая падзея павінна праходзіць на дзяржаўным узроўні, але тое, што грамадства і без дзяржаўнай падтрымкі ўшаноўвае памяць рэпрэсаванага пісьменніка Максіма Гарэцкага і ягонай любімай вучаніцы Наталлі Арсенневай – надае вагу менавіта грамадству, якое не забываецца на знакавыя для ўсіх беларусаў асобы.

З прамовай выступіў Р. Гарэцкі. Ён распавёў пра гісторыю роду Гарэцкіх, лёс Максіма. Л. Мілаш хораша распавяла пра біяграфію Наталлі Арсенневай.

Абедзве шыльды былі ў свой час у пачатку 1990-х гадоў выраблены і ўсталяваныя. Дошка ў гонар Максіма Гарэцкага – у Мінску на будынку, дзе ў свой час размяшчаўся Інбелкульт, а пазней – сядзіба МГА “ЗБС “Бацькаўшчыны”, а мемарыяльная дошка Наталлі Арсенневай – у Вільні. Абедзве дошкі былі скрадзеныя. Першая – з невядомых прычынаў: яе шукалі, знайсці не здолелі, праз год яна была падкінутая ў сквер насупраць сядзібы “Бацькаўшчыны”, потым зноў скрадзеная, на гэты раз назаўсёды. Другая па эканамічных матывах, бо была выраблена з каштоўнага металу.

У выніку было вырашана аднавіць мемарыяльныя дошкі ў Вільні з некаштоўнага металу цэлюміну. Увесь арганізацыйны цяжар (у тым ліку ўзгадненні з віленскімі гарадскімі ўладамі) лёг на плечы старшыні ТБК Хведара Нюнькі. Выраб дошкі Максіму Гарэцкаму фінансавалі Р. Гарэцкі і МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, шыльду Наталлі Арсенневай фінансаваў Вячаслаў Прановіч.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


Выступае старшыня Таварыства беларускай культуры Хведар Нюнька


Выступае пляменнік беларускага пісьменніка Максіма Гарэцкага Радзім Гарэцкі


Выступае актыўная дзяячка Таварыства беларускай культуры Леакадзія Мілаш


Выступае старшыня Рады МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" Алена Макоўская


Выступае аўтар шыльдаў Алесь Шатэрнік

‹‹ на галоўную | у архіў