Аляксей Марачкін абнавіў каплічку ў Курапацкім лесе

  5 кастрычніка ва ўрочышчы Курапаты кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, мастак Аляксей Марачкін абнавіў каплічку, усталяваную паводле яго эскізу на месцы расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Каплічка ўсталяваная побач з вялікім крыжам на ўваходзе ў Курапацкі лес. На ёй выява абраза маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных. Яна была ўсталяваная на Дзяды ў 2003 г. У снежні 2005 г. на абразе невядомыя вандалы намалявалі свастыку. Тады ж былі апаганеныя і іншыя курапацкія памятныя знакі.

5 кастрычніка А. Марачкін прымацаваў на каплічцы новую выяву абраза. “Тое, што тут апаганілі рэпрадукцыю абраза Маці Божай Курапацкай, арыгінал якой знаходзіцца ў Чырвоным касцёле, — гэта яшчэ раз гаворыць пра тое, што нашы ўлады не зацікаўленыя, каб гэтае месца стала па-сапраўднаму святым, – сказаў ён. – Калі ўсё замоўчваецца тое, што тут адбылося, калі аднаўляецца “Лінія Сталіна”, калі замяняюць гэтыя сімвалы нечым іншым, то, безумоўна, знаходзяцца людзі, асабліва моладзь, якая робіць такую шкоду. Курапаты — нібы барометр сённяшняй маралі, сумлення, і гэта сімвал пакутнікаў Беларусі”.

З’явіліся новыя факты вандалізму ва ўрочышчы Курапаты. Моцна пабітая і пашкоджаная мемарыяльная шыльда, якая сведчыць, што гэтае месца ёсць гістарычна-культурнай каштоўнасцю. Рэшткі яе прымацаваныя скочам да сасны. На пачатку году знік кавалак мемарыяльнай лавы, якую падараваў прэзідэнт ЗША Біл Клінтан падчас візіту ў Беларусь.

Паводле актывіста КХП БНФ Юрася Беленькага, пра факты вандалізму паведамляецца міліцыі, аднак дагэтуль вінаватых не знаходзілі. Грамадзяне штогод праводзяць тут талакі, прыбіраюць. Сп. Беленькі сказаў: “Калі мы ладзім талаку, тады з’яўляюцца міліцыя, КДБ, пачынаюць высвятляць, хто працуе, ці ёсць якія друкаваныя матэрыялы. Аднаго разу нават прыляцела абласное начальства. Яны, відаць, бачаць небяспеку, калі мы ўпарадкоўваем тут”.

Апошнім часам у Курапатах з’явілася многа новых крыжоў, тэрыторыя прыбраная. А. Марачкін сказаў: “Я думаю, што ўсё роўна сюды сумленныя людзі ходзяць і сумленне, беларускі патрыятызм усё ж пераможа. Усё роўна людзі застануцца людзьмі, нягледзячы на гэты вандалізм”.

Сябры КХП БНФ падалі заяўку ў Мінскі гарадскі і абласны выканкамы на правядзенне шэсця і мітынгу на Дзяды, 28 кастрычніка. Яны просяць дазволу сабрацца ў 11 гадзінаў у Мінску каля гадзіннікавага заводу і ў 14.30 правесці мітынг у Курапацкім лесе.

Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў