Беларусь і Польшча распрацоўваюць турыстычны маршрут па Белавежскай пушчы
Беларускія спецыялісты супольна з польскімі калегамі распрацоўваюць для турыстаў трансгранічны маршрут па Белавежскай пушчы. Як паведамляецца на сайце пасольства Рэспублікі Беларусь у РФ, пра гэта заявіў начальнік аддзелу фізічнай культуры, спорту і турызму Свіслацкага райвыканкаму Іван Лашкевіч.
У рэалізацыі праекту “Развіццё трансгранічнага турызму ў рэгіёне “Белавежская пушча” ўдзельнічаюць Пружанскі і Камянецкі раёны Брэсцкай вобласці, Свіслацкі раён Гарадзенскай вобласці і горад Гайнаўка Падляскага ваяводства Польшчы. Праграмай акрамя распрацоўкі пешаходнага і веласіпеднага маршруту прадугледжана шырокае інфармаванне насельніцтва пра магчымасці трансгранічнага турызму ў гэтым рэгіёне.
У Свіслацкім раёне, у прыватнасці, ужо вызначаныя аб’екты, якія будуць уключаныя ў маршрут. Гэта помнікі прыроды і гісторыі, а таксама дзве сядзібы і база юных турыстаў, дзе можна будзе спыніцца на начоўку.
На рэалізацыю праекту плануецца выдаткаваць каля 185 тысяч еўра.
Паводле ІА REGNUM і “Нашай Нівы” (www.nn.by)
|