Аповесць чэшскага класіка Бажэны Нямцовай “Бабуля” пераклалі на беларускую мову
Прэзентацыя перакладу на беларускую мову аповесці чэшскай пісьменніцы Бажэны Нямцовай “Бабуля” прайшла 3 кастрычніка ў амбасадзе Чэхіі ў Беларусі.
Гэта адно з нешматлікіх твораў чэшскай класічнай літаратуры, якое перакладзенае на беларускую мове. Праз апісанне штодзённага побыту сялян у ім раскрываюцца глыбокія працэсы лёсу чэшскага народу, яго поглядаў на наваколле, сэнс жыцця. Пераклала “Бабулю” дацэнт кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры філалагічнага факультэту БДУ, кандыдат педагагічных навук Ніна Рэшэтнікава.
По яе словах, Б. Нямцова – самая яркая зорка на небасхіле чэшскай літаратуры. “Яна была і застаецца духоўным сімвалам нацыі, – адзначыла Н. Рэшэтнікава. – Яе аповесць “Бабуля” – эпахальны і нават сакральны твор і належыць да шэдэўраў сусветнай літаратуры.
Як распавяла Н. Рэшэтнікава, пачынаючы ад наступнага навучальнага году, беларускі пераклад аповесці будзе ўключаны ў школьную праграму для 11-х класаў. “Гэты твор заслугоўвае таго, каб быць шырока вядомым беларускаму чытачу, тым больш, што ў краіне ёсць цікаўнасць да чэшскай літаратуры”, – адзначыла яна.
У далейшых планах Н. Рэшэтнікавай – пераклад на беларускую мову анталогіі чэшскай літаратуры XIX ст. Плануецца, што гэта кніга пабачыць свет ужо ў наступным годзе.
Паводле БЕЛТА
|