Беларусы ў Швецыі вучыліся захоўваць культурную спадчыну
17 – 22 верасня старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская і прадстаўнікі ГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” наведалі Швецыю.
“Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” прадстаўлялі старшыня Аляксей Глушко, сябры таварыства Наталля Сухая (Мінскі абласны метадычны аддзел культуры) і Ірына Мазюк (супрацоўнік інстытута праблем культуры).
Беларускую дэлегацыю запрасіла шведская арганізацыя “ІКС” (Міжнародны культурны цэнтр) – падраздзяленне асацыяцыі “SV”, якая працуе ў Швецыі ў галіне адукацыі дарослых і моладзі і мае структуры па ўсёй краіне. Супрацоўніцтва паміж беларускімі арганізацыямі і Міжнародным культурным цэнтрам Швецыі працягваецца ўжо чацвёрты год.
Мэтай візіту было знаёмства з метадамі і формамі захавання і развіцця культурнай спадчыны Швецыі, у тым ліку народных рамёстваў і традыцый. Удзельнікі беларускай дэлегацыі наведалі рэгіянальныя аддзяленні ІКС, галоўны офіс, а таксама шэраг экспазіцый твораў шведскай матэрыяльнай культуры.
Па словах Алены Макоўскай, праграма сустрэч была вельмі насычанай: “Засталося шмат уражанняў. Перш за ўсё, ад той любові і павагі, з якой шведы ставяцца да сваёй нацыянальнай культуры, з якім густам і прафесіяналізмам афармляюцца экспазіцыі народных рамёстваў і як актыўна ў штодзённым жыцці шведаў жыве і развіваецца традыцыйная культура (у элементах вопраткі, аздабленні кватэр). Напрыклад, на вуліцах Стакгольма шмат маладых людзей, апранутых па апошняй сучаснай модзе, вельмі часта як упрыгожанне выкарыстоўваюць шалік ці хустку са шведскім традыцыйным арнаментам”.
Важнай часткай праграмы былі сустрэчы з беларусамі, якія жывуць у Швецыі, — з вядомым гісторыкам Андрэем Катлярчуком, паэтам і журналістам Зміцерам Плаксам. Цікава і прыемна было наведаць студыю Беларускай праграмы шведскага радыё, дзе адбылося знаёмства і сустрэча з маладой беларускай журналісткай Юляй Канавалавай.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|