Выйшла аўдыёкніга Міколы Ермаловіча
25 верасня ў Мінску прэзентаваная кніга Міколы Ермаловіча з серыі “Гукавая кніга па-беларуску”. Гэта першае выданне паэзіі, філасофіі і публіцыстыкі Міколы Ермаловіча. Аўдыёкніга выдадзеная намаганнямі грамадскага аб’яднання “Ветэраны адраджэння”, Культурніцкай камісіі партыі БНФ і іншымі ініцыятывамі.
У асяродку навукоўцаў, выкладчыкаў і дэмакратычнай грамадскасці Мікола Ермаловіч вядомы як выбітны гісторык. Яму належыць грунтоўная праца па даследаванні гісторыі старажытнай Беларусі, якая зняпраўджвае многія афіцыйныя догматы. Аднак у аўдыёвыданні Мікола Ермаловіч паўстае ў новым абліччы, кажа адзін з выдаўцоў Франак Вячорка: “У гэтай кнізе сабраныя вядомыя і невядомыя тэксты М. Ермаловіча. На жаль, ён ужо нябожчык, але такое адчуванне, што прадказаў тое, што мы сёння маем у Беларусі: татальнае прыніжэнне і вынішчэнне ўсяго нацыянальнага не беларускімі сіламі. А таксама раскрыў спосаб змагання з гэтым”.
Выданне кнігі Міколы Ермаловіча “Старажытная Беларусь” напрыканцы 1980-х сталася надзвычайнай падзеяй і паўплывала на светапогляд сотняў людзей. Не меншае ўражанне здольная зрабіць і аўдыёкніга публіцыста і філосафа М. Ермаловіча, перакананы рэжысёр Валеры Мазынскі: “Ён пісаў тое, на што не адважыўся, па-мойму, ніводзін з нашых паэтаў. Ён праўдзіва пісаў пра той час, і для мяне гэта было вялікае адкрыццё. Мы кажам, што дысідэнтаў у нас не было. Вось гэта быў абсалютны дысідэнт”.
У аўдыёкнізе М. Ермаловіча В. Мазынскі начытвае 7 гадзінаў тэксту аўтара.
У серыі “Гукавая кніга па-беларуску” выйшлі таксама вершы Максіма Багдановіча, падрыхтаваныя да выдання творы класікаў беларускай і замежнай літаратуры: “Аўдыёкнігі, пераклады на беларускую мову кінастужак і іншае мы ўкладаем у канцэпцыю неаадраджэння. Тое, што рабілася напачатку 1990-х г., усё гэта патрэбна людзям і сёння. Менавіта культура, на мой погляд, здольная змяніць нашу рэчаіснасць. А таксама абудзіць грамадства да нейкіх пераменаў”.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|