На кафедры беларускай філалогіі ў Беластоку патрэбны рэформы

Першага курса беларусістыкі ўу Беластоцкім універсітэце ў гэтым годзе не будзе. Не набралася дастаткова ахвотных для адкрыцця групы. “Сітуацыя можа паўтарыцца і ў наступным годзе, калі тэрмінова не правесці рэформы на кафедры беларускай філалогіі”, - распавёў прадэкан Беластоцкага ўніверсітэту Васіль Сегень.

Па яго словах, на кафедру беларускай філалогіі адбіралі ў два этапы. Першы раз знайшлося сем ахвотных, але ніхто з іх не падаў дакументы. Падчас абвешчанага другога набору жадаючых было столькі ж і пяць чалавек падалі дакументы. “Гэтага было мала, бо па правілах нашага ўніверсітэту трэба як мінімум 15 чалавек, каб распачаць вывучэнне замежнай філалогіі”, – распавёў В. Сегень.

Ён адзначыў, што прадстаўнікі кафедры ездзілі ў беларускія ліцэі, з тым, каб заахвоціць паступаць на беларускую філалогію, але гэтага аказалася недастаткова.

Тыя пяць чалавек, якія ўжо паступілі на беларускую філалогію, па правілах універсітэту павінны былі быць забяспечаны месцамі на іншых факультэтах. Па звестках сп. Сегеня, ім былі прапанаваны месцы на факультэце рускай філалогіі, і большасць пагадзілася.

“Пра прычыны недабору я магу пакуль выказваць толькі прыватныя меркаванні, - адзначыў В. Сегень. – Аб’ектыўныя – зараз больш паступаюць на тэхнічныя факультэты, бо з імі прасцей потым знайсці працу. У нас адкрыты рынак працы з ЕЗ. І таму трэба пашыраць праграму беларускай філалогіі. У бок культаралогіі, можа быць, юрыдычных дысцыплінаў, імкнуцца да інтэрдысцыплінарнасці”. Ён адзначыў, што ў сённяшніх умовах, калі гуманітарныя спецыяльнасці не такія папулярныя, моцная польская філалогія можа застацца класічнай філалогіяй, а беларускай патрэбныя неадкладныя рэформы. Па яго словах, калі праграма беларускай філалогія пашыралася за кошт прадметаў кафедры беларускай культуры, на факультэт быў конкурс 2 чалавекі на месца.

“Калі зменаў не будзе, то сітуацыя можа паўтарыцца і на наступны год”, - адзначыў прадэкан. Па яго словах пакуль сітуацыя адаб’ецца на выкладчыках слаба, бо асабліва маладыя маюць дзве спецыяльнасці русіст-беларусіст і могуць дабіраць гадзіны з кафедры рускай філалогіі. “Але калі справа будзе ісці да закрыцця факультэта беларускай філалогіі ва ўніверсітэце, то гэта будзе пагражаць скарачэннямі. Мы як выкладчыкі самі зацікаўленыя, каб такога не здарылася”, - сказаў В. Сегень.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

‹‹ на галоўную | у архіў