Ініцыятыву “Мы памятаем” запрасілі на сесію Рады ААН па правах чалавека

У Жэневе праходзіць шостая сесія Рады ААН па правах чалавека. У яе рамках адбудуцца мерапрыемствы Міжнароднай кааліцыі супраць гвалтоўных знікненняў, у якую уваходзіць беларуская ініцыятыва “Мы памятаем”.

Удзел у мерапрыемствах возьме адна са стваральніц ініцыятывы жонка зніклага прадпрымальніка Анатоля Красоўскага Ірына.

Міжнародная кааліцыя супраць гвалтоўных знікненняў была створаная сёлета ў траўні ў Парыжы. У яе ўваходзяць праваабарончыя арганізацыі “Міжнародная амністыя”, “Human Rights Watch”, “FEDEFAM” (Лацінаамерыканская федэрацыя родных зніклых людзей), Міжнародны камітэт Чырвонага крыжа, Міжнародная асацыяцыя юрыстаў і ініцыятыва “Мы памятаем”.

У Беларусі ў 1999-2000 г. бясследна зніклі палітык Віктар Ганчар, былы міністр унутраных спраў Юры Захаранка, бізнесмен і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі і журналіст Зміцер Завадскі. У дачыненні да выкрадання гэтых людзей міжнародная супольнасць падазрае вышэйшых беларускіх службоўцаў.

Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў