Беларуская “Плошча” ў Вашынгтоне
У Вашынгтоне, ў офісе Міжнароднага рэспубліканскага інстытуту (IRI) адбыўся паказ фільму беларускага рэжысёра Юрыя Хашчавацкага “Плошча”. Аўдыторыя гледачоў гэтым разам складалася з амерыканскіх палітыкаў, палітолагаў і журналістаў, якія цікавяцца палітычнымі працэсамі ў Беларусі.
“Я бачыў непадробную цікавасць. Вельмі ўважліва глядзелі фільм. Рэакцыя была чалавечая і вельмі добрая. Фільм спадабаўся. Гэты прагляд арганізавала літоўскае МЗС, і літоўскі бок прывёз даволі шмат копіяў гэтай карціны на дысках, але іх не хапіла. Іх імгненна расхапілі”, – паведаміў Ю. Хашчавацкі.
Пасля прагляду фільму Ю. Хашчавацкі адказваў на пытанні гледачоў.
“Былі вельмі важныя і пытанні, і размовы. Мне падаецца, што гэта былі дастаткова глыбокія пытанні і глыбінныя спробы зразумець сітуацыю правільным чынам”, – паведаміў Ю. Хашчавацкі.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|