Страты Беларусі ад еўрасанкцый – 12 мільёнаў еўра
Паводле інфармацыі Еўрапейскай камісіі, страты Беларусі ад выключэння з Генеральнай сістэмы прэферэнцыяў Еўразвязу складуць каля 12 мільёнаў еўра за год. Прадстаўніца Еўракамісіі ў прыватнасці сказала: “Мы атрымалі розную інфармацыю аб мяркуемых стратах. Называлася нават сума ў 300 млн. еўра. Паводле нашых дадзеных, Беларусь будзе губляць каля 12 млн. еўра за год, гэта каля 0,4% усяго беларускага экспарту ў Еўразвяз”.
“Выключэнне з сістэмы прэферэнцыяў з’яўляецца хутчэй палітычнай мерай”
“Гэта невялікая сума. Але выключэнне з Генеральнай сістэмы прэферэнцый з’яўляецца хутчэй палітычнай мерай”, — зазначыла прадстаўніца Еўракамісіі.
Такое меркаванне раней выказваў і старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук: “З майго гледзішча, тут размова ідзе не пра матэрыяльныя страты – я лічу, што гэта значна менш чым 400 ці 300 мільёнаў – размова ідзе пра тыя маральныя страты, якія нясе наша краіна, наш урад, моцны ўдар па іміджу краіны. Тут палітычныя страты значна большыя, чым эканамічныя. Напэўна, таму і была такой нервовай афіцыйная рэакцыя беларускага боку на гэтае рашэнне”.
Рашэнне аб пазбаўленні Беларусі гандлёвых ільготаў было прынятае 20 снежня 2006 г. з адтэрміноўкай уступлення ў сілу на паўгода. Аднак на канферэнцыі Міжнароднай асацыяцыі працы , што праходзіла ў Жэневе з 30 мая па 15 чэрвеня, была канстатаваная “адсутнасць прагрэсу ў галіне правоў на свабоду асацыяцый у Беларусі”. Таму 21 чэрвеня 2007 г. рашэнне аб выключэнні Беларусі з Генеральнай сістэмы прэферэнцый набыло моц.
Прэферэнцыі можна вярнуць – калі “праводзіць пазітыўныя змены і выконваць правы працоўных”
Міністэрства замежных спраў Беларусі раней заяўляла, што рашэнне Еўразвязу не стане сур’ёзным выклікам для эканомікі і грамадзян Беларусі. Паводле заявы беларускага знешнепалітычнага ведамства ад 21 чэрвеня 2007 г., Беларусь расцэньвае гэтае рашэнне як часовае і разлічвае, што аб’ектыўная неабходнасць у наладжванні і развіцці добрасуседскага супрацоўніцтва з Беларуссю прымусіць Еўразвяз да яго хутчэйшага перагляду і адмены.
Прадстаўніца Еўракамісіі ў гэтай сувязі зазначыла: “Той факт, што прэферэнцыі можна вярнуць, з’яўляецца добрым стымулам для ўраду Беларусі праводзіць пазітыўныя змены і выконваць правы працоўных”.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|