Беларускі рок-фэст ва Украіне стане традыцыйным

У выходныя ва ўкраінскім горадзе Луцку адбыўся беларускі рок-фэст “Права быць свабодным”. У фестывалі ўзялі ўдзел беларускія гурты “Крама”, “Neuro Dubel”, “ULIS”, “Indiga”, “Znich”, “Tav.Mauzer”, “B:N:”, “Сцяна” і ўкраінскі “Тінь Сонця”. Музыкі сабралі некалькі тысяч гледачоў з Украіны і Беларусі.

Паслухаць папулярныя беларускія песні прыйшлі ад 5 да 7 тысяч чалавек. Зразумела, большасць – украінцы.

Але нямала прыехала і беларусаў (чалавек 500-600), нягледзячы на шматлікія перашкоды, якія чынілі ў Беларусі праваахоўныя органы і памежнікі. Былі таксама і беларусы, якія жывуць ва Украіне.

Фэст ладзіўся пад патранажам луцкіх уладаў з ініцыятывы “Беларускай музычнай альтэрнатывы”. Пра вынікі фэсту распавёў кіраўнік БМА Віталь Супрановіч: “Атрымалася лепш, чым я думаў: і гук, і святло, і рэакцыя людзей. Бо магло так атрымацца, што там увогуле не было б людзей: беларусы не даедуць, а ўкраінцам будзе не цікава. Але некалькі тысяч там было, і ўсё гэта выглядала даволі прыгожа. Гледзячы на рэакцыю людзей, і слухаючы канцэрт, я яшчэ раз упэўніўся, што беларускія музыкі маюць высокі сусветны ўзровень. І што калі нармальна прапагандаваць нашу музыку за мяжой, то беларускія гурты маглі б стаць сусветнымі зоркамі”.

Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
і “Еўрапейскага радыё для Беларусі” (www.belradio.fm)

‹‹ на галоўную | у архіў