Графы Чапскія вяртаюцца ў Мінск
У Мінску ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі сёння адкрылася выстава “Праз стагоддзі да графаў фон Гутэн-Чапскіх”.
У 19-м напачатку 20-га стагоддзяў графам Чапскім належала сядзіба Станькаўскі ключ на Міншчыне. Вывучэннем гісторыі роду Чапскіх і сядзіб Міншчыны займаецца грамадскае краязнаўчае аб’яднанне “Прылуцкая спадчына”. Дзякуючы яму ў Мінску і наладжана выстава. Кіраўнік аб’яднання Ігар Гатальскі сказаў: “У Нацыянальным музеі гісторыі і культуры мы змаглі выставіць толькі частку сваіх экспанатаў. Значную частку дакументаў у выглядзе лістоў, перапіскі плошча, на жаль, не дазволіла размясціць. Але прадстаўлены самыя цікавыя”.
На выставе макеты сядзібных комплексаў Прылук і Станькава, радавод і партрэты Чапскіх, фотаздымкі і абразы са Станькаўскай царквы. Пра некаторыя экспанаты распавёў гісторык Анатоль Валахановіч: “Пячатка Чапскага, Цягам адзінаццаці гадоў ён яе ставіў на ўсіх сваіх асноўных дакументах. Дзве рэйкі з мінскага дэпо. Як не хапала рэек тут у Мінску пракладваць трамвайную лінію, то яны прыехалі ад прыпынку Станькава і да Станькава вёскі, 10 кіламетраў, усе гэтыя рэйкі ўзялі. Я асабіста паехаў туды і ўзяў два гэтыя кавалкі”. Гэта кавалкі ад чыгункі, якую ў 19 стагоддзі праклаў Эмерык фон Гутэн-Чапскі адмыслова для сваіх заводаў.
Род Чапскіх – адзін са старэйшых у Беларусі. Чапскія мелі багатую на той час калекцыю, якая апынулася ў Кракаве. З Чапскімі звязаны ня толькі бровар, але і першая мінская электрастанцыя, конка, нацыянальны тэатр.
Сябра “Прылуцкай спадчыны” Леанід Акаловіч сказаў: “Караль Чапскі, які быў мэрам Мінску зрабіў тут ў Мінску своеасаблівую еўрапейскую рэвалюцыю. Ён быў еўрапейскага размаху чалавек”.
Знаўца сядзібна-паркавай культуры Анатоль Федарук падчас адкрыцця выставы сказаў: “Зусім нядаўна ўся Беларусь была пакрыта сядзібамі. Шляхецкія двары валодалі асаблівай сядзібнай культурай. Матэрыяльная, духоўная культура, на жаль, практычна згублена. Мы ня ведаем гісторыі, у нас няма сапраўднай любові да радзімы, да сваёй зямлі. Адна з перавагаў шляхты была ў невымернай любові да радзімы”.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|