Беларусь і Кітай пачалі перамовы аб будаўніцтве АЭС
“Перамовы між беларускім і кітайскім бакамі наконт будаўніцтва ў вашай краіне атамнай станцыі толькі пачаліся, таму нічога канкрэтнага я сказаць пакуль не магу. Я ведаю толькі, што беларускі бок зацікаўлены ў нашых паслугах”, – заявіў у чацвер на прэс-канферэнцыі пасол Кітаю У Хунбінь.
Таксама дыпламат паведаміў, што Кітай зацікаўлены ў інвестыцыях у беларускую эканоміку. Сёлета сума інвестыцыяў складзе каля 40 мільёнаў даляраў. Найбольшымі яны будуць у галіне мабільнай сувязі. Кітайская кампанія “Шанхай Алькатэль” ужо не першы год вядзе сумесную працу з беларускім сотавым аператарам “БЕСТ”. Ужо дасягнутая дамоўленасць па сумесным выпуску тэлевізараў кітайскім прадпрыемствам “Мэдыя Груп” і беларускім “Гарызонтам”. Спадар пасол адзначыў, што аб’ём выпускаемых тэлевізараў будзе досыць істотным.
Яшчэ было адзначана, што кітайцы зацікаўленыя ў інвестыцыях у цэментны завод і фабрыку па вырабе ДСП. Вядуцца перамовы пра адкрыццё ў Мінску прадстаўніцтва кітайскага банку развіцця. Яшчэ сёлета была дасягнутая дамоўленасць аб тым, што кітайцы будуць праводзіць рэканструкцыю менскай ТЭЦ-2.
Сярод іншага, У Хунбінь паведаміў, што на сённяшні дзень у Беларусі навучаецца каля двух тысяч кітайскіх студэнтаў. “Сёння не вядзецца гаворка пра прыцягнення новых студэнтаў у вашу краіну, гаворка вядзецца пра пашырэнне інтэрнатаў беларускіх ВНУ, каб усім хапіла месца”, – адзначыў пасол.
Паводле “Нашай Нівы” (www.nn.by)
|