Пяцідзесятнікі абураны артыкулам у "Советской Белоруссии"
Пяцідзесятніцкія цэрквы г. Століна і Столінскага раёна Брэсцкай вобласці накіравалі адкрыты зварот у Адміністрацыю прэзідэнта і рэдакцыю "Советской Белоруссии". Веруючыя абураныя артыкулам, змешчаным у афіцыйным “рупары” беларускай дзяржавы, які заклікае да амаральных паводзінаў.
Артыкул "Измены могут спасти брак" быў змешчаны на старонках газеты "Советская Белоруссия" 24 студзеня гэтага года. У артыкуле ў рубрыцы "Наш псіхолаг" гаворыцца аб тым, што здрада спрыяе шлюбу і дапамагае наладзіць стасункі паміж мужам і жонкай, якія страцілі "вастрыню былых пачуццяў".
"Адкрыты зварот – гэта наша рэакцыя і абурэнне на змест гэтага артыкулу, – кажа Анатоль Ляшко, пастар царквы "Благадаць" Саюзу ХВЕ г. Століна. – Гэта ж такая брыдота і непрыстойнасць творыцца. Чаму ў гэтай газеце ніхто не думае аб тым, як такія артыкулы псуюць нашу моладзь? Нашая роля, як царквы рэагаваць на такія рэчы і казаць праўду."
У царкве, дзе пастарам з'яўляецца Анатоль Ляшко, адкрыты зварот падпісалі 70 прыхаджанаў. Такія ж лісты з подпісамі ў Адміністрацыю прэзідэнта і рэдакцыю газеты "Советская Белоруссия" накіравалі яшчэ 20 пяцідзесятніцкіх цэркваў Столінскага раёна.
Паводле прэс-рэлізу Хрысціянскага Праваабарончага дома
|