Мілінкевіч прапануе даць яму эфір на БТ

Аляксандр Мілінкевіч прапанаваў старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандру Зімоўскаму 25 красавіка ў жывым эфіры Першага нацыянальнага каналу абмеркаваць неабходныя меры па ўдасканаленні дзейнасці дзяржаўных органаў, адказных за работу па пераадоленні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

У заяве А. Мілінкевіча гаворыцца пра неабходнасць абмеркавання ў жывым эфіры актуальных праблемаў у пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай аварыі ў сувязі з тым, што існуюць сур’ёзныя падставы сцвярджаць пра замоўчванне ўладамі праблемаў, з якімі сутыкаюцца ліквідатары наступстваў трагедыі на ЧаЭС, людзі, што жывуць на забруджаных тэрыторыях, а таксама ўсе грамадзяне Беларусі, якім у выніку палітыкі ўладаў даводзіцца спажываць прадукты харчавання з забруджаных земляў. Мілінкевіч таксама кажа пра тупіковасць сацыяльна-эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў, што не дазваляе эфектыўна вырашаць паўстаўшыя праблемы, а таксама атрымліваць у неабходным аб’ёме міжнародную дапамогу ў справе мінімізацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі.

А.Мілінкевіч чакае адказ на свой запыт праз 15 дзён ў адпаведнасці з артыкулам 10 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян”, калі толькі вырашэнне пытання, выкладзенага ў заяве, не патрабуе дадатковага вывучэння i праверкi.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
‹‹ на галоўную | у архіў