Пракуратура разгледзіць законнасць будаўніцтва гатэля на месцы манастыра бернардынцаў
Пракуратура Мінска пачынае разгляд звароту “Таварыства беларускай мовы” (ТБМ) па факту зносу манастыра бернардынцаў у цэнтры Мінска і будаўніцтва на яго месцы гатэля. Старшыня ТБМ Алег Трусаў выказаў удзячнасць пракуратуры за жаданне правесці экспертызу будаўніцтва.
“Бо ўзвядзенне забаўляльнага комплексу побач з галоўным праваслаўным храмам краіны – Свята-Духавым кафедральным саборам – з’яўялецца праяўленнем цынізму і пошласці”, – заявіў у інтэрв’ю Бела ПАН Алег Трусаў.
Каля пяці тысяч чалавек патрабуюць не перабудоўваць касцёл і манастыр у гатэльны комплекс. Такая колькасць людзей падпісалася пад зваротам да прэзідэнта Беларусі, які падрыхтавалі прадстаўнікі каталіцкай канфесіі.
У звароце асуджаюцца планы рэканструкцыі манастыра і касцёла ў гатэльны комплекс. Прэзідэнта Беларусі каталікі заклікаюць вярнуць веруючым названыя помнікі архітэктуры барока ХVІІ ст.
Як адзначыла прадстаўнік камітэта рымска-каталіцкай абшчыны святога Іосіфа Івона Мацукевіч, у звароце гаворыцца, што веруючыя “абураныя бязбожным планам рэканструкцыі манастырскага комплексу і касцёла св. Іосіфа”.
“Будынак павінен належаць народу, а не тым нешматлікім заможным людзям, хто зможа заплаціць вялізныя грошы за карыстанне паслугамі гатэльнага комплексу”, – падкрэсліла Івона Мацукевіч.
У звароце, подпісы пад якім яшчэ збіраюцца, гаворыцца: “Мы пратэстуем супраць перабудовы асвечанага храма і манастыра – месцаў малітвы і духоўнага адраджэння нашага народу – пад гатэльны комплекс, забаўляльныя залы, рэстараны”. Веруючыя просяць вярнуць помнікі архітэктуры ХVІІ ст. Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
www.telegraf.by
|