Адбылася он-лайн канферэнцыя з сп. Івонкай Сурвіллай
На Радыё “Свабода” адбылася он-лайн канферэнцыя са старшынёй Рады БНР сп. Івонкай Сурвіллай. Мы падаем некаторыя найбольш яе важныя адказы на пытанні Інтэрнет-карыстальнікаў пра жыццё беларускай дыяспары.
Так, І. Сурвілла адзначыла гасціннасць усіх асяродкаў беларускай дыяспары: “Падчас усіх маіх падарожжаў па свеце нашая дыяспара ўсюды праяўляе да мяне як да старшыні Рады БНР сапраўдную беларускую гасціннасць. Адчуваецца падтрымка нават тых, хто не лічыць сябе “бэнээраўцамі”. Факт, што ў беларусаў існуюць арганізацыі розных плыняў І. Сурвілла назвала прыкметай жыццяздольнасці нашага народу. “Пачынаю пераймацца толькі тады, калі беларусы жывуць не ў згодзе,” – адзначыла сп. Сурвілла.
На пытанне, аб магчымым удзеле дыяспары ў жыцці метраполіі яна адзначыла: “Прыкладам можа быць Арменія, якая нядаўна прыняла закон, які дазваляе прадстаўнікам дыяспары, асобам з падвоеным грамадзянствам займаць дзяржаўныя пасады да пасады прэм’ер-міністра. Яны хочуць скарыстаць вопыт дыяспары. У сённяшняй жа Беларусі стаўленне да дыяспары, на жаль, мала адрозніваецца ад таго, што было ў савецкія часы, калі нас абвяшчалі здраднікамі. Ці ведаеце Вы, напрыклад, што сёння кватэру ў Мінску не маюць права набываць беларусы – грамадзяне Канады ці Францыі? Такое права маюць толькі грамадзяне Беларусі (што нармальна), а з замежных грамадзянаў – толькі грамадзяне Расіі. Але спадзяюся, што час зменіцца”.
Таксама яна падвяла вынікі мінулага года: “Што да вынікаў года, дык гэта – дзесяткі сустрэчаў сяброў Рады з дзяржаўнымі дзеячамі і палітыкамі розных краінаў у справе падтрымкі незалежнасці і дэмакратыі, з мэтай пераканаць, што пытанне захавання незалежнасці застаецца для Беларусі актуальным. Гэта і падтрыманне некаторых культурніцкіх праектаў у Беларусі. Асабіста я ці не штомесяц сустракаюся з палітыкамі і ўрадоўцамі Канады ў справе дапамогі дэмакратыі на Беларусі”.
Сп. Івонка Сурвілла адзначыла, што і зараз, як і заўсёды, Рада БНР працуе на карысць Беларусі: “Мы інфармуем свет пра Беларусь – і ўрады, і грамадства. Мы здабываем прыяцеляў для беларускага народу, баронім яго Незалежнасць і яго інтарэсы, яго мову і яго культуру. Нягледзячы на цяперашні рэжым, свет ставіцца са значна большай увагай да беларускага народу. У гэтым таксама заслуга і Рады БНР”. Таксама І. Сурвілла адзначыла, што вельмі б хацела пабываць зноў і марыць жыць у Беларусі, але “на жаль, урадам у экзылі няма месца ў акупаваных ці таталітарных дзяржавах”.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|