1000 еўра за інфармацыю пра зніклую мемарыяльную дошку
1000 еўра ўзнагароджання абяцае пасол Нямеччыны ў Беларусі Марцін Хэкер за інфармацыю, якая паспрыяе вяртанню бронзавай мемарыяльнай дошкі ў памяць габрэяў Брэмену, знішчаных у мінскім гета.
10 сакавіка стала вядома аб знікненні бронзавай мемарыяльнай дошкі, усталяванай у 1993 годзе прадстаўнікамі габрэйскай грамады Брэмену на фасадзе дому № 13 па вуліцы Гарадскі вал у Менску. Дошка была ўсталяваная ў памяць 450 брэменскіх габрэяў, дэпартаваных у 1942 годзе з Нямеччыны ў Беларусь і забітых у мінскім гета.
Па факце знікнення дошкі Саюз беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчынаў 12 сакавіка звярнуўся з заявай у міліцыю Маскоўскага раёна сталіцы.
Паводле міліцыі, цягам месяца будуць высвятляцца абставіны знікнення мемарыяльнай дошкі. Паводле крыніцаў у гарадской управе міліцыі, асноўная версія – выкраданне з мэтай продажу на лом у пункт прыёму каляровых металаў.
Паводле Радыё “Свабода” і ІА “Интерфакс”
|