Магілёўскі “2 канал” і мясцовая філія ТБМ зрабілі сумесны праект да 125-годдзя Янкі Купалы
Штодня пасля заканчэння навінаў магілёўцы чытаюць вершы паэта: адзін дзень — адзін чалавек — адзін верш.
Паводле старшыні магілёўскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) Алега Дзьячкова, рашэнне аб святкаванні ўгодкаў знакамітага песняра, прынятае на рэспубліканскай радзе ТБМ у студзені. Магілёўская філія прапанавала супрацу з гэтай нагоды тэлекампаніяй “2 канал”.
Кіраўніцтва тэлебачання з цікавасцю ўспрыняла ідэю ТБМ, але адразу акрэсліла праблему — хто будзе чытаць вершы? Акцёраў магілёўскага драмтэатру не хопіць на амаль 100 эфіраў да дня народзінаў Янкі Купалы. ТБМ прапанавала ў якасці чытальнікаў сяброў сваёй арганізацыі, але іх таксама б не хапіла.
Праблема вырашылася сама сабой. Пасля першых эфіраў звычайныя магілёўцы пачалі тэлефанаваць на тэлебачанне з просьбай прачытаць верш. Сярод тых, хто пажадаў з’явіцца на экране — студэнты, школьнікі, настаўнікі, пенсіянеры і чыноўнікі. Самаму маладому з іх — чатыры гады, найстарэйшаму — 89.
Плануецца, што праект працягнецца да 7 ліпеня — дня народзінаў Купалы.
Паводле Радыё “Рацыя” (www.racyja.com)
|