Дзень Волі ў Бруселі: паказ фільму “Плошча” і канцэрт салідарнасці

У Бруселі працягваюцца акцыі, прымеркаваныя да Дня Волі. 24 сакавіка адбыўся паказ фільму Юрыя Хашчавацкага “Плошча”, а таксама адбыўся канцэрт салідарнасці з Беларуссю славацкай спявачкі Петры Джордан. Як адзначаюць арганізатары, імпрэзы мелі поспех: агулам фільм і канцэрт наведалі каля 70-80 чалавек.

Кадры фільму Юрыя Хашчавацкага выклікалі ў гледачоў жывую рэакцыю – ад смеху да абурэння. Паказ стужкі завяршыўся дыскусіяй пра лёс Беларусі і яе жыхароў. Канцэрт Петры Джордан атрымаўся сапраўды еўрапейскім: спяваючы па-англійску, спявачка са Славакіі заклікала прысутных да салідарнасці з беларускім народам.

“У нас нічога не было б без Аксамітнай рэвалюцыі, – звярнулася Петра Джордан да слухачоў пад час канцэрту. – Калі б мы не прайшлі праз гэта, я наўрад ці мела б магчымасць быць сёння на гэтай сцэне. Таму я кажу ўсім, хто мяне зараз чуе, і прашу вас перадаць гэта іншым людзям: вы сёння прыйшлі на цудоўны канцэрт, але не забывайцеся, што дыктатуры яшчэ існуюць – і менавіта апошняя еўрапейская дыктатура ў Беларусі. Мы павінны дапамагчы людзям паверыць, што надышоў час зменаў. І яны хутка прыйдуць!”

Паказ фільму і канцэрт былі арганізаваныя Офісам за дэмакратычную Беларусь і прайшлі пад патранажам Дэлегацыі па адносінах з Беларуссю ў Еўрапейскім Парламенце. Падтрымку імпрэзаў здзяйсняла таксама Нямецкая фундацыя Маршала (ЗША) і славацкая дэлегацыя групы Еўрапейскай народнай партыі – Еўрапейскіх дэмакратаў ў Еўрапарламенце.

Паводле www.democraticbelarus.eu
‹‹ на галоўную | у архіў