Каталікі моляцца за вяртанне храма
Увечары 19 сакавіка больш як 130 чалавек з запаленымі свечкамі ўзялі ўдзел у набажэнстве за вяртанне манастыра бернардынаў з касцёлам мінскай рымска-каталіцкай суполцы святога Язэпа, зарэгістраванай у Чырвоным касцёле сталіцы. Такім чынам, у дзень святога Язэпа каля сценаў былога храма вернікі адзначылі другую гадавіну набажэнстваў за вяртанне святыні.
Як паведаміла сяброўка камітэта суполкі Івона Мацукевіч, з 7 сакавіка сабраныя больш за 3 тысяч подпісаў пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртанне вернікам помнікаў архітэктуры, будынкаў манастыра бернардынаў з касцёлам, размешчаных па вуліцы Кірылы і Мяфодзія, 4, 6, 8.
У сваім выступе І.Мацукевіч заявіла, што ўлады “раскрыжавалі наш касцёл, як дзве тысячы год таму раскрыжавалі Ісуса Хрыста”. “Мы не проста два гады молімся каля храма за яго вяртанне вернікам. Наша малітва сведчыць: мы хрысціяне, якім неабыякава, што ў нашым храме Садом і Гамора”, – сказала І.Мацукевіч.
Па яе словах, два гады таму начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Мінскага Гарвыканкама Ала Рабіцава заявіла, што не здужаюць аднаўленне святыні. “З прычыны гэтага ўлады плануюць правесці рэканструкцыю будынка касцёла ў канцэртную залу, дзе нам толькі зрэдку дазволяць выступіць”, – сказала І.Мацукевіч. Яна лічыць, што ўлады дагэтуль не прымаюць закон аб рэстытуцыі, каб самавольна распараджацца ўласнасцю рэлігійных аб’яднанняў, у тым ліку рымска-каталіцкай дэнамінацыі хрысціянства.
Збор подпісаў пачаўся пасля таго, як стала вядома пра планы Мінскага гарвыканкама перадаць будынкі манастыра інвестарам для рэканструкцыі і прыстасавання пад гасцінічны комплекс і аб’екты гандлёва-бытавога прызначэння. Манастырскі комплекс, пабудаваны на сродкі дабрачынцаў, а не казны, быў канфіскаваны ў 1864 годзе ўладамі Расійскай імперыі пасля падаўлення нацыянальна-вызваленчага паўстання супраць рускага царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. У будынку былога храма дагэтуль размяшчаюцца Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтвы. З астатніх будынкаў комплексу выселеныя службы вайсковай камендатуры і пракуратуры.
Паводле "Хартыя'97" (www.charter97.org) і БЕЛАПАН
|