Грамадскасць супраць гатэля ў касцёле

ЗБС “МГА “Бацькаўшчына” далучылася да грамадскай кампаніі супраць размяшчэння ў манастырскім комплексе св. Іосіфа гатэля. Гэтую кампанію распачалі грамадзяне-хрысціяне Рэспублікі Беларусь, звярнуўшыся з адкрытым лістом да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. У межах кампаніі яны таксама збіраюць подпісы супраць перабудовы.

Як пішуць у адкрытым лісце да А.Лукашэнкі беларускія хрысціяне: “Мы пратэстуем супраць перабудовы асвечанага храма і манастыра – месца малітвы і духоўнага адраджэння нашага народу – пад гасцінічны комплекс, развесяляльныя залі, рэстараны”.

Гісторыя манастырскага комплексу пачалася ў 1624 годзе. У 1864 годзе манастыр і касцёл былі канфіскаваныя царскімі ўладамі, а ў 1926 – прызнаны помнікам архітэктуры. У сённяшняй гісторыі вернікі змагаюцца за вяртанне комплексу ўжо пятнаццаць год. У памяшканнях размяшчаўся архіў і ваенная камендатура і інш. Улады спасылаліся на брак сродкаў, на адсутнасць памяшканняў для архіву, на немагчымасць адсялення вайсковае камендатуры і г.д.

Між тым гэта АДЗІНЫ ў Беларусі поўны манастырскі комплекс 17 стагоддзя.

Вернікі звяртаюцца да прэзідэнта з просьбай выратаваць комплекс і перадаць яго для набажэнстваў.

Усе неабыякавыя да лёсу касцёла і манастырскага комплексу могуць паставіць подпіс супраць перабудовы ў касцёлах горада.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”



 

 



 

‹‹ на галоўную | у архіў