Спынілася вытворчасць на ўсіх цукровых заводах Беларусі
Вытворчасць цукру, спыненая на ўсіх чатырох цукровых камбінатах Беларусі, — Жабінкаўскім, Гарадзейскім, Слуцкім і Скідальскім. Учора беларуская дэлегацыя на чале з віцэ-прэм’ерам Іванам Бамбізам выправілася ў Маскву, каб падпісаць пагадненне пра пастаўкі беларускага цукру на расейскі рынак у 2007—2008 гадах.
Як паведамілі ў "Белдзяржхарчпраме", учора дырэктар канцэрна Іван Данчанка выправіўся ў Маскву. Пагадненне пра пастаўкі цукру плануецца падпісаць да пасяджэння Савету міністраў гэтак званай саюзнай дзяржавы, якое мае адбыцца 23 сакавіка ў Мінску. А пакуль яно не падпісанае, у канцэрне адмаўляюцца каментаваць сітуацыю на цукровых прадпрыемствах Беларусі.
Тым часам, як і на Скідальскім цукровым камбінаце, спыненая вытворчасць на Жабінкаўскім цукровым заводзе. Пра гэта "Свабодзе" паведаміў намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Аляксандр Еўтуховіч:
"Вытворчасць таксама спыненая, паколькі завершаны сезон перапрацоўкі бурака, і ў нас цяпер перапынак. А з 1 красавіка пачнуцца рамонтныя працы. Што да рабочых, то яны цяпер у адпачынку. Спадзяемся на паляпшэнне сітуацыі. І думаем, што будзем працаваць, пакуль нават плануем... А як там складзецца ў будучыні, пабачым".
Аналагічная сітуацыя і на Слуцкім цукроварафінадным камбінаце. Прадпрыемства не працуе, рабочыя – у адпачынках. Гаворачы пра пераход на сезонны характар працы, намеснік дырэктара камбінату ў эканоміцы Валеры Налётаў згадвае еўрапейскі досвед:
"Калі паглядзець на Еўропу, то ўсе прадпрыемствы, якія перапрацоўваюць цукровыя буракі, сезонныя. З аднаго боку, мы прыйшлі да таго, да чаго імкнуліся. Апошнія тры гады ўпершыню ў гісторыі беларускай прамысловасці мы пачалі вырабляць цукар з мясцовай сыравіны — з цукровых буракоў. І вырабляем дастатковую колькасць для ўнутранага рынку.
Пакуль быў расійскі рынак, мы выраблялі цукар-сырэц і прадавалі значную частку цукру ў Расію. Цяпер гэты рынак фактычна закрыўся. Адпаведна, мы будзем працаваць гэтак жа, як еўрапейскія, у прыватнасці, нямецкія заводы. Мы будзем працаваць прыкладна сто дзён у год".
Паводле намесніка дырэктара Слуцкага цукроварафінаднага камбінату, сёлета не плануюцца скарачэнні рабочых. Што да пошуку новых рынкаў збыту, то Слуцкі камбінат ужо прадаў невялікую колькасць цукру ў Еўрасаюз і ў Сярэднюю Азію.
Як патлумачыў начальнік аддзела маркетынгу і збыту Гарадзейскага цукровага камбіната Аляксандр Наркевіч: "Выходзім на іншыя рынкі. Не Расеяй адзінай... У Казахстан стараемся, Кіргізію, Абхазію... З Іранам вядзем перамовы. Туды, на Усход..."
У мінулыя гады беларускія цукровыя камбінаты пастаўлялі ў Расію ад 400 да 450 тысяч тон цукру. Летась пастаўкі беларускага цукру ў Расію паменшыліся на 50 працэнтаў, а з пачатку студзеня ўвогуле спыніліся. Аналітыкі звязваюць гэта сярод іншага з энергетычным канфліктам з Расіяй.
У студзені на перамовах у Маскве прынялі кампраміснае рашэнне пра абмежаванне паставак беларускага цукру ў Расію. Беларусь амаль удвая абмяжуе пастаўкі цукру ў Расію ў 2007 годзе — да 180 тысяч тон, а ў 2008-м пастаўкі скароцяцца да 100 тысяч. Урад Беларусі ўхваліў такі праект, і цяпер чакаецца падпісанне адпаведнага пагаднення
Паводле Радыё "Свабода" (www.svaboda.org)
|