ЗША пашырае санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў
Адміністрацыя ЗША ўвяла фінансава-эканамічныя санкцыі супраць яшчэ адной групы беларускіх чыноўнікаў – паведамляецца на вэб-сайце Міністэрства фінансаў ЗША. На гэты раз у “чорны спіс” трапілі 6 чалавек: генпракурор Пётр Міклашэвіч, міністар адукацыі Аляксандр Радкоў, міністр інфармацыі Ўладзімер Русакевіч, камандзір палка мінскага АМАПу Юры Падабед, былы кіраўнік МУС Юры Сівакоў і кіраўнік Дэпартаменту па грамадскіх арганізацыях Міністэрства юстыцыі Алег Сліжэўскі.
Сутнасць санкцыяў заключаецца ў забароне на ўезд у ЗША, замарожванні любых актываў гэтых людзей у ЗША, і ва ўвядзенні забароны на любыя бізнесовыя кантакты з імі амерыканцаў. Такім чынам агульная колькасць дзейных і былых членаў кіраўніцтва Беларусі, у дачыненні да якіх ЗША ўвялі санкцыі, складае 16 чалавек. У “чорны спіс” унесены таксама Аляксандр Лукашэнка.
Міністэрства фінансаў ЗША заяўляе, што гэтыя людзі адыгрывалі важную ролю ў дэспатычным рэжыме Аляксандра Лукашэнкі ды прымалі актыўны ўдзел у пераследах грамадства і дэмакратычнай апазіцыі пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў.
Усе гэтыя меры Адміністрацыя ЗША прымае на падставе выканаўчага ўказу прэзідэнта Джорджа Буша. Пры гэтым улады ЗША спасылаюцца на тое, што яны дзейнічаюць сінхронна з Еўрасаюзам.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org),
“Польскае радыё для замежжа”
(http://www.polskieradio.pl/zagranica/by/)
|