Адбылася прэм’ера “Крымінальнага чытва” па-беларуску
24 лютага а 18.00 ў мінскай краме “Падземка” адбыўся першы паказ “Крымінальнага чытва” па-беларуску, агучанага творчай ініцыятывай “Беларускі Гальфстрым”.
Арганізатарам дубляжу стаўся Франак Вячорка, рэжысёрам – Аляксандр Памідораў (за ім таксама агучванне ролі Джулса), Лявон і Ганна Вольская пераўвасобіліся ў “таранцінаўскіх” рабаўнікоў, Ігар Варашкевіч агучыў крымінальнага боса, Піт Паўлаў – Вінцэнта Вэгу, ягоны сын Ян-Вінцэнт Паўлаў (чыё імя абавязанае герою Таранціны) – хлопчыка Буча. А дарослы баксёр Буч (Брус Уіліс) загаварыў голасам палітыка Аляксея Янукевіча, які і прапанаваў прадубляваць улюбёную стужку.
Пераклад зрабіў Макс Шчур, а рэдактарамі выступілі Юрась Бушлякоў, Вінцук Вячорка і Пятро Садоўскі.
Гэта трэба чуць: інтанацыі Вольскіх, якія граюць “зялёных” рабаўнікоў, бас Аляксандра Памідорава й “гамбургерскія” развагі Піта Паўлава, “гангстэрскі” рык Ігара Варашкевіча і “баксёрскія” прыгоды Янукевіча. “Беларускае чытво” не саступае арыгіналу, а часам і пераўзыходзіць яго, а што да перакладу, то яму, мо, пазайздросціў бы і Таранціна.
Шмат разоў бачаны, загледжаны і зашмальцаваны амерыканскі фільм ізноў стаўся жывым, свежым… і беларускім.
Дыскі “Крымінальнага чытва” ўжо маюць ня толькі агучаную беларускую – але і арыгінальную англамоўную дарожку. На жаль, пакуль без субтытраў. Але і сам “Гальфстрым” – ініцыятыва, якая толькі разгортваецца.
Беларускае “Крымінальнае чытво” можна будзе неўзабаве набыць у Мінску, рэгіёнах - праз сетку распаўсюджвальнікаў.
Паводле “Нашай нівы” (www.nn.by)
|