Еўрапейскія студэнты-дэмакраты патрабуюць стварыць у Беларусі ўмовы для навучання на беларускай мове
Беларускія студэнты прынялі ўдзел у з’ездзе Еўрапейскіх студэнтаў-дэмакратаў (EDS) у Беластоку. Падчас пасяджэння сябры EDS прынялі рэзалюцыю аб свабодзе і дэмакратыі ў Беларусі, якая таксама тычыцца і сістэмы адукацыі.
У рэзалюцыі студэнты звярнуліся да беларускага ўрада з патрабаваннем вярнуць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, што знаходзіцца зараз у Вільні, назад у Мінск. Таксама Еўрапейскія студэнты-дэмакраты патрабуюць легалізаваць працу Коласаўскага ліцэю і стварыць роўныя ўмовы для навучання беларускіх грамадзянаў як на беларускай, так і на рускай мовах. Гэтая рэзалюцыя будзе накіраваная ў Еўрапейскую народную партыю, найбольшую фракцыю Еўрапарламента.
Акрамя таго, еўрапейскія студэнты заслухалі даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Кіраўніцтва звязку Еўрапейскіх студэнтаў-дэмакратаў паведаміла, што ў гэтым годзе арганізацыя мае намер правесці інфармацыйную кампанію ў падрымку Беларусі сярод еўрапейскай моладзі.
EDS аб’ядноўвае студэнцкія арганізацыі больш як з 20 еўрапейскіх краінаў.
Паводле www.belngo.info
|