Рэстаўратар полацкай царквы пратэстуе супраць загаду Мінкульта
Рэстаўрацыя царквы ХХІ стагоддзя ў Полацку будзе паскораная, а самой рэстаўрацыяй зоймуцца расійскія спецыялісты, якія да гэтага на “аб’екце” не былі. У знак пратэсту кіраўнік рэстаўрацыяй мастак Уладзімір Ракіцкі папрасіў вызваліць яго ад пасады.
Больш за 15 гадоў мастак Уладзімір Ракіцкі быў навуковым кіраўніком рэстаўрацыі Спаса-Еўфрасіннеўскай царквы ХІІ стагоддзя ў Полацку. За паўтара дзесяцігоддзя ім адкрытыя і адрэстаўраваныя прыкладна 150 з 600 квадратных метраў фрэскавага роспісу.
Разам са сваімі калегамі Ракіцкі вынайшаў унікальную сістэму аднаўлення старажытных фрэсак, дзякуючы якой удаецца захоўваць і пазнейшыя слаі жывапісу.
У часе рэстаўрацыйных работ высветлілася, што ў храме першасны жывапіс закрыты размалёўкамі XVI–XIX стагоддзяў. Праца для адкрыцця найстаражытнейшых фрэсак вымагае шмат часу. Аднак кіраўніцтва Міністэрства культуры патрабуе хуткай рэстаўрацыі – цягам паўгода. Заява прагучала пасля наведвання Полацку прэм’ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім, які паставіў задачу ўсё скончыць да візіту ў горад Аляксандра Лукашэнкі 5 чэрвеня, на Дзень Святой Еўфрасінні.
Паводле планаў Міністэрства культуры, прапануецца не вяртацца да арыгіналу, а ўстанавіць новую сярэбраную рaку для мошчаў, а купал храма і ўвогуле пакрыць золатам. Паводле новага афіцыйнага праекта, у сярэдзіне бажніцы зробяць пляцоўку з жалезнымі лесвіцамі для турыстаў. На думку Уладзіміра Ракіцкага, не мае навуковай абгрунтаванасці і ідэя стварэння ў царкве мазаічнай падлогі. Усё гэта не адпавядае ні таму, як выглядаў храм, ні ўвогуле традыцыям, у якіх ён ствараўся.
Гэты праект рэстаўрацыі быў зацверджаны без навуковай архітэктурнай экспертызы і без уліку праекту рэстаўрацыі, распрацаванага Уладзімірам Ракіцкім з калегамі. Фрэскі цяпер будуць рэстаўравацца расійскімі спецыялістамі, якія раней на аб’екце не працавалі.
На знак пратэсту Уладзімір Ракіцкі накіраваў заяву ў Міністэрства культуры з просьбаю зняць з яго абавязкі па рэстаўрацыі Спаса-Еўфрасіннеўскай царквы.
|