Тутэйшым аматарам мастацтва прысвячаецца
20 лютага ў мінскай Галерэі мастацтва (праспект Незалежнасці, 12) адкрылася выстава жывапісу акварэлі “ТАМ (Тутэйшым аматарам мастацтва ці Такі Алесь Мара)” беларускага мастака і грамадскага дзеяча, кіраўніка МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алеся Марачкіна.
У экспазіцыі прадстаўлена звыш 40 твораў, напісаных, у асноўным, у апошнія гады. Найбольшую ўвагу прыцягвае маляўнічая кампазіцыя “Акрыленыя”, прысвечаная народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну і ўсім таленавітым людзям, палатно “Зімовы анёл”, на якім намаляваны анёл, які благаслаўляе заснежанае поле і шмат якія іншыя. У экспазіцыю таксама ўключаныя акварэлі мастака з малюнкам аголенай жаночай натуры, а таксама фантазіі на розныя тэмы.
Мастак адзначыў, што незалежнаму жывапісцу, які пазбаўлены дзяржаўных замоў і афіцыйнага прызнання, сёння нялёгка выставіцца ў сталіцы, нават калі экспануюцца творы, якія не маюць ніякага дачынення да палітыкі.
Ён таксама паведаміў, што 2 сакавіка ў 18.00 на сядзібе Партыі БНФ (Машэрава, 8, колішняя Варвашэні) ён прадставіць сваю экспазіцыю "Нонканфармізм" з прэзентацыяй новай працы "За волю. Пляц Каліноўскага". "А 2 красавіка ў сталічным Палацы мастацтваў творчае аб'яднанне "Пагоня" Беларускага саюза мастакоў адкрые сваю традыцыйную вясновую выставу, на якой будуць прадстаўленыя і мае працы", – адзначыў Алесь Марачкін.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|