Сенат Польшчы заклікае вызваліць Казуліна ды іншых беларускіх палітвязняў

Сёння польскі Сенат аднагалосна прыняў ухвалу з заклікам да беларускіх уладаў неадкладна вызваліць Аляксандра Казуліна і іншых палітвязняў.

У часе пасяджэння сенатары прагаласавалі за рэзалюцыю, у якой ўтрымліваецца заклік неадкладна вызваліць экс-кандыдата ў прэзідэнты і іншых вязняў, асуджаных за ўдзел у апазіцыйнай дзейнасці. У пасяджэнні прыняла ўдзел і жонка Аляксандра Казуліна Ірына.

І.Казуліна кажа: “Я вельмі рада, што гэта адбылося. Усе краіны павінны браць прыклад з Польшчы. Бо калі націск пойдзе з усяго свету, будзе вынік. А вынік патрэбны адзін – вызваленне ўсіх палітвязняў”.

Ініцыятарам ухвалы быў сенатар, легенда польскай антыкамуністычнай апазіцыі, Стэфан Несялоўскі. “Найбольш важная пазіцыя беларускага народу, бо гэта ён адсуне дыктатара ад улады, а не палякі ці хто іншы. Але Польшча, канешне, павінна падтрымліваць апазіцыю і праваабаронцаў”, – сказаў спадар Несялоўскі.

Між тым беларусы, якія жывуць у Варшаве, наладзілі ў час прыняцця ўхвалы пікет падтрымкі каля гмаху польскага парламенту.

Удзельнік пікету: “Мы прыйшлі, каб падзякаваць польскім сенатарам, якія прымаюць такую ўхвалу, за іх зацікаўленасць пытаннем палітвязняў у Беларусі. Дзякуем ім за гэтую ініцыятыву”.

Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
‹‹ на галоўную | у архіў