Севярынцу зноў адмовілі ў датэрміновым вызваленні

20 лютага камісія Наваполацкай спецкамендатуры зноў адмовіла Паўлу Севярынцу ў умоўна-датэрміновым вызваленні.

“Мяне выклікалі на камісію і прапанавалі пакаяцца, але я адмовіўся”, — распавёў Павал Севярынец ужо дарогай у вёску Малое Сітна, дзе яму давядзецца адбыць яшчэ шэсць месяцаў.

Павал Севярынец сказаў, што ў размовах з міліцыянтамі паставіў ім свае ўмовы: “На што я адказаў, што гэтае пытанне — ці раскайваецеся вы ў злачынстве? — мы зададзім кожнаму супрацоўніку міліцыі, які парушаў закон у час дыктатуры”.

Бацька Паўла Кастусь Севярынец сказаў з гэтай нагоды: “Я, вядома, вельмі жадаю, каб Павел выйшаў на волю. А з іншага боку, мне вельмі шкада жыхароў пасёлка Малое Сітна, якія з яго ад'ездам страцяць такога выдатнага хлопца. І ў некаторай ступені я нават удзячны беларускай уладзе, што такім чынам яна данесла ў гэты глухі куток Беларусі ідэі адраджэння нашай радзімы, нашага боку”.

Нагадаем, што ў траўні 2005 года суд Цэнтральнага раёна Мінска абвінаваціў Севярынца ў арганізацыі 18-19 кастрычніка 2004 года ў сталіцы масавых несанкцыянаваных выступаў супраць афіцыйных падрахункаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму 2004 года. Палітыка прысудзілі да трох гадам абмежавання волі, але пасля ў сувязі з амністыяй гэты тэрмін быў скарочаны на год. З жніўня 2005 года Севярынец адбывае пакаранне, працуючы ў лясгасе ў вёсцы Малое Сітна.

Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org) і БЕЛАПАН
‹‹ на галоўную | у архіў