“Бацькаўшчына”, Саюз пісьменнікаў і Таварыства беларускай мовы супраць храма Сувораву
Па ініцыятыве МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” распачата грамадзянская кампанія супраць будаўніцтва на беларускай зямлі храма-помніка ў гонар расійскага палкаводца Аляксандра Суворава.
Ацэнка дзеянняў расійскага палкаводца А.Суворава на беларускай зямлі адназначная: менавіта пад яго кіраўніцтвам надзвычай жорстка падаўляліся вызвольныя паўстанні канца XVIII ст., здзяйсняліся злачынствы супраць мірнага насельніцтва. Сувораў на штыках прынёс прыгоннае права на тэрыторыю Беларусі.
Як стала вядома, будаўніцтва ўжо распачатае ў г. Кобрыне пры падтрымцы Расійскай Праваслаўнай Царквы.
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выступае супраць узвядзення храма-помніка, які ў вачах беларусаў стане сімвалам апраўдання кровапраліцця ў інтарэсах захавання імперскай улады.
Да кампаніі, распачатай “Бацькаўшчынай”, ужо далучыліся грамадскія аб’яднанні “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.
20 лютага ад імя трох названых аб’яднанняў накіраваны адкрыты ліст да Патрыяршага Экзарха Беларусі Мітрапаліта Філарэта, а таксама звароты да прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Сідорскага С.С., Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Гулякі Л.П., да старшыняў Брэсцкай абласной і Кобрынскай гарадской выканаўчай улады і да саветаў дэпутатаў з патрабаваннем спыніць будаўніцтва храма-помніка ў гонар забойцы беларусаў.
У бліжэйшы час плануецца пачаць шырокую кампанію па збору подпісаў у падтрымку выкладзенага ў адкрытым лісце патрабавання.
Адкрыты ліст
Яго Правялебнасці
Патрыяршаму Экзарху Беларусі
Мітрапаліту Філарэту з нагоды праекта
пабудовы ў г. Кобрыне храма-помніка ў гонар Аляксандра Суворава. (doc)
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|