Акцыі салідарнасці з Беларуссю прайшлі ў свеце
16 лютага шмат у якіх краінах свету прайшлі акцыі салідарнасці з Беларуссю. Так людзі адзначалі Дзень салідарнасці з сем’ямі зніклых і палітвязнямі ў Беларусі.
Чэхія
16-га лютага ў Празе прайшла традыцыйная акцыя “Дзень салідарнасці з Беларуссю”. Гэтым днём адзначыўся год, як яе пачала праводзіць ініцыятыва “Свабодная Беларусь”.
Акцыя падтрымкі Беларусі ў Чэхіі праводзілі і раней. Арганізавалі яе, напрыклад, чэшская “Amnesty Inernational”, арганізацыя “NESEHNUTІ”, альбо “Звяз беларусаў замежжа”.
Да дня салідарнасці 16-га лютага далучыліся больш за 50 чалавек. Актывісты “Свабоднай Беларусі” раздавалі ўлёткі з інфармацыяй пра сучаснае становішча ў Беларусі.
Напрыканцы мерапрыемства прагучалі словы падтрымкі на беларускай, чэшскай і польскай мовах. Плануецца і надалей праводзіць акцыі салідарнасці.
Літва
16 лютага ў Вільні нядаўна адкрыты Дом правоў чалавека правёў грамадскую сустрэчу. Ва ўсіх вокнах Дому былі запаленыя свечкі, а ў актавай залі адбылася вечарына-маналог.
Гэтым разам галоўным героем вечарыны стаў Валеры Руселік – студэнт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, абаронца намётавага гарадка на плошчы Каліноўскага, актывіст змагання гарадзенцаў супраць руйнавання архітэктурнай спадчыны. Віленская публіка цёпла сустрэла маналог, вершы і песні Валерыя Руселіка, а таксама выставу ягоных фотаздымкаў.
Віленскі Дом правоў чалавека мяркуе праводзіць падобныя сустрэчы з беларускімі грамадскімі актывістамі 16-га дня кожнага месяца.
Эстонія
Беларускія студэнты, якія вучацца ва ўніверсітэце Тарту ў Эстоніі, наладзілі акцыю салідарнасці з сем`ямі зніклых і палітвязнямі Беларусі.
Каля цэнтральнага ўваходу ва ўніверсітэт яны паставілі партрэты зніклых і палітвязняў, у прыватнасці, асуджаных моладзевых лідэраў Паўла Севярынца і Зміцера Дашкевіча. Яны запалілі свечкі і раздалі мінакам інфармацыйныя ўлёткі пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.
Польшча
У розных гарадах Польшчы адбыліся акцыі салідарнасці з сем’ямі зніклых апазіцыйных і грамадскіх дзеячаў Беларусі. Так на Замкавай плошчы ў Варшаве распачалася акцыя, прымеркаваная да Дня Салідарнасці. У цэнтры польскай сталіцы пад адкрытым небам адкрытая фотавыстава беларускіх дэманстрацый, гучыць беларуская музыка, а ўвечары былі паказаныя фільмы і кліпы пра падзеі ў Беларусі.
Акцыю ў Варшаве ладзіць “Звяз у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі”. Гэтым разам у Старым горадзе паўстаў намёт, над якім луналі бел-чырвона-белыя сцягі.
Мерапрыемствы такога кшталту адбываюцца не толькі ў сталіцы Польшчы, але і Беластоку, Кракаве, Уроцлаве, Познані.
У горадзе Жэшаў пры дапамозе дэпутатаў мясцовай рады адбылося спатканне з беларускімі журналістамі і палітыкамі. А ў Пултуске прайшоў адкрыты паказ фільм Юры Хашчавацкага “Плошча” – пра сакавіцкія падзеі ў Беларусі.
Арганізатар акцыі, старшыня “Звязу ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі” Антось Цялежнікаў распавёў: “Мяркую, што гэткія акцыя патрэбны да таго часу, пакуль сітуацыя ў Беларусі не зменіцца”.
Падобныя акцыі праходзяць таксама ва Украіне і Галандыі.
Паводле Хартыі97 (www.charter97.org),
Еўрапейскага радыё для Беларусі (www.belradio.fm),
“Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
і Польскага радыё для замежжа
(www.polskieradio.pl/zagranica/by/)
|